Другая кангалезская вайна (, ), таксама вядомая як Вялікая афрыканская вайна (, ) — узброены канфлікт на тэрыторыі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, у якім удзельнічалі шматлікія ўзброеныя групы з дзесяці краін.
Вайна пачыналася як грамадзянская, праз супрацьстаянне народаў хуту і тутсі, але затым у ёй прынялі ўдзел іншыя дзяржавы Афрыкі, што было выклікана барацьбой краін кантыненту за рэсурсы ДР Конга. Фактычным працягам падзей стаў канфлікт у Ківу.
У выніку баявых дзеянняў і іх наступстваў загінула ад 3,4 да 6 млн чалавек, у асноўным ад хвароб і голаду, што робіць гэтую вайну адной з самых кровапралітных у сусветнай гісторыі і самым смяротным канфліктам з часоў Другой сусветнай .
Урад ДРК называў канфлікт «Агрэсіўнай вайной» () або «Акупацыйнай вайной» (guerre d'occupation), а паўстанцы — «Вайной выпраўлення» (guerre de rectification).
Перадгісторыя
Сітуацыя ва Усходнім Конга
У 1994 годзе ў Руандзе прадстаўнікі народа хуту ўчынілі генацыд тутсі. Калі Руандыйскі патрыятычны фронт, які прадстаўляў апошніх, захапіў уладу ў краіне, больш за мільён хуту збеглі ў суседні Заір. Сярод іх было шмат байцоў сіл самаабароны хуту Інтэрахамвэ — галоўных вінаватых у генацыдзе. Заірскі лідар Мабуту Сесе Секо прыняў бок хуту, спадзяваючыся з іх дапамогай выціснуць з краіны кангалезскіх тутсі (баньямуленге), якія не раз у мінулым падымалі супраць яго паўстанні. Гэта праблема наклалася на іншыя канфлікты, абвастрыўшы этнічныя супярэчнасці паміж рознымі народамі, што толькі пагоршыла палітычны крызіс у краіне, які дапаўняўся карумпаванасцю і беспрацоўем.
У 1996 годзе супраць уладаў паўстала групоўка «Альянс дэмакратычных сіл за вызваленне Конга», якую ўзначаліў Ларан Кабіла. Па выніку грамадзянскай вайны баевікі перамаглі, зрынуўшы Мабуту. Кабіла стаў прэзідэнтам краіны і пераназваў Заір у Дэмакратычную Рэспубліку Конга (ДРК).
Новы ўрад сутыкнуўся з шэрагам праблем. Адной з іх стала ваенная прысутнасць Уганды, Руанды і Бурундзі, якія дапамагалі баевікам Кабілы ў вайне з Мабуту. Гэты фактар выклікаў недавер насельніцтва да ўладаў. Так, у кастрычніку 1997 года, паводле апытання Bureau d’etudes, de Recherches, et de Consulting International (BERCI), 71 % рэспандэнтаў лічылі, што кіраўнік дзяржавы знаходзіцца пад замежным уплывамBERCI, October 1997. p. 38, as cited in International Crisis Group, 21 May 1999. How Kabila Lost His Way: The performance of Laurent Désiré Kabila’s government . p. 9. Texts have been modified and adapted from the original.. Другой праблемай сталі спробы інтэграваць ва ўзброеныя сілы паўстанцаў-тутсі і афіцэраў былой арміі Заіра.
14 ліпеня 1998 года Кабіла звольніў руандыйца Джэймса Кабарэбэ з пасады начальніка штаба УС ДРК і замяніў яго карэнным кангалезцам Селесцінам Кіфвам. Праз два тыдні прэзідэнт прыбраў усіх тутсі з урада і загадаў выслаць з краіны руандыйскіх ваенных інструктараў. На працягу 24 гадзін замежныя вайсковыя спецыялісты, якія пражывалі ў Кіншасе, былі бесцырымонна вывезены на самалётах. Больш за ўсё гэты загад устрывожыў баньямуленге на ўсходзе ДР КонгаJames Rupert. NATIONALIST OUTCRY THREATENS TUTSIS IN CONGO CAPITAL // The Washington Post, 1 octobre 1998. Кампанія ўладаў супраць замежнікаў справакавала ўсплёск міжэтнічных сутыкненняў, розныя народнасці пачалі ствараць баявыя атрады.
Замежны фактар Як спадчыну каланіялізму, незалежныя афрыканскія дзяржавы, што з’явіліся ў ХХ ст., мелі граніцы былых еўрапейскіх калоній, без увагі на этнічную, рода-племянную, культурную і моўную сувязі.
Дэмакратычная Рэспубліка Конга, краіна з вялікімі запасамі карысных выкапняў, стала арэнай супрацьстаяння і канфлікту інтэрасаў як лакальных, так і сусветных гульцоў. Паводле ацэнак «Нацыянальнага агенцтва па заахвочванню інвестыцый», на 2015 год прыблізны агульны кошт карысных выкапняў складаў больш за 36 трлн долараў. Менавіта тут знаходзіцца амаль 47 % сусветных запасаў кобальту, 25 % прамысловых алмазаў, 14 % тантала, 5 % ювелірных алмазаў, па 3 % — медзі і волаваДемократическая Республика Конго: «сердце Африки» — страна Патриса Лумумбы. К 55-летию установления дипломатических отношений.
Этнічныя прычыны канфлікту цесна пераплятаюцца з эканамічнымі праблемамі ўсяго раёна Вялікіх азёр, куды ўваходзяць ДРК, Руанда, Уганда і Бурундзі: кангалезскія мінералы на працягу доўгага перыяду былі задзейнічаны ў эканоміцы невялікіх па памерах дзяржаў Уганды і Руанды. Прычым эксплуатацыя ажыццяўлялася часцяком у парушэнне суверэнітэту ДРК, нацыянальнага заканадаўства, а часам і міжнароднага права. Паводле справаздачы ААН за 2001 год, краіны мелі інтарэсы ў кантраляванні над цэнтрамі здабычы алмазаў, золата, кобальта і іншых карысных выкапняў на ўсходзе ДРК. Падобная сітуацыя склалася яшчэ падчас Першай кангалезскай вайны.
Што тычыцца Руанды, то яе інтарэсы не абмяжоўваліся толькі кантролем над рэсурсамі. Некаторыя прадстаўнікі кіруючых колаў лічылі тэрыторыі ДРК, дзе пражывалі іх супляменнікі (як, напрыклад, Паўночнае Ківу), «працягам Руанды». У дадатак, урад краіны таксама спрабаваў спыніць атакі баевікоў хуту, якія нападалі на прыгранічныя рэгіёны са сваіх кангалезскіх баз. З аналагічнай праблемай сутыкнуліся бурундзійскія і ўгандыйскія ўлады, так як узброеная апазіцыя гэтых краін выкарыстоўвала тэрыторыю суседняй дзяржавы для нападаў.
У будучай вайне падтрымку Кабіле аказвалі Намібія, Чад, Ангола, Судан, Зімбабвэ і Лівія, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка. У кожнай з іх былі свае матывы. Намібія і Зімбабвэ адносна вайны ў ДРК мелі эканамічныя інтарэсы, уключаючы прыбытковы экспарт рыбы і каштоўную долю ў Горназдабыўнай кампаніі Бакванга. Зімбабвійцы, паводле ААН, таксама былі заўважаны ў эксплуатацыі рэсурсаў ДРК, нароўні з Угандай і Руандай. Больш за тое, Зімбабвэ імкнулася за кошт канфлікту стаць рэгіянальнай дзяржавай, пацясніўшы ПАРЧерная заря. Самая страшная война современности продолжается до сих пор. О ней все забыли // Lenta.ru, 2 августа 2018.
Суданская інтэрвенцыя была абумоўлена прысутнасцю тут баевікоў, якія змагаліся за незалежнасць Паўднёвага Судана і падтрымліваліся Угандай. У адказ Хартум дапамагаў угандыйскім паўстанцам (Армія супраціўлення Гасподня, Нацыянальны фронт выратавання Уганды, Альянс дэмакратычных сіл). Чад у вайне згуляў ролю пасрэдніка Францыі. Французскія ўлады праз яго меркавалі аднавіць свой аўтарытэт у рэгіёне, які аслабеў пасля вываду войскаў з Руанды падчас генацыду тутсі.
Урад Анголы хацеў ліквідаваць дзейнасць апазіцыйнай групоўкі УНІТА на поўдні Конга. Баевікі абменьвалі здабытыя на радзіме алмазы на замежную зброю. Афіцыйная Луанда не была ўпэўненая, што новы прэзідэнт будзе больш эфектыўным, чым Кабіла, і асцерагалася, што працяг баявых дзеянняў прывядзе да вакууму ўлады, які можа толькі дапамагчы УНІТА.
Сілы бакоў
Кангалезскія фракцыі Перад вайной Узброеныя сілы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга налічвалі 140 тысяч байцоў. З пачаткам баявых дзеянняў частка перайшла на бок апазіцыі, таму армія Кабілы скарацілася да 40 тысяч. Найбольш надзейнымі часцямі былі прэзідэнцкая гвардыя, ваенная паліцыя, сілы хуткага рэагавання і 50-я пяхотная брыгада. Усяго не больш за 15 тысяч чалавек.
Саюзнікам урадавых войск стала міліцыя Май-май, баевікі якой выступалі супраць ваеннай, палітычнай і эканамічнай экспансіі руандыйцаў. Гэтыя фарміраванні ствараліся мясцовымі ўладамі ўсходнекангалезскіх правінцый. Колькасць Май-май ацэньваецца ў 20—30 тысяч байцоў.
Апазіцыйны рух быў прадстаўлены групоўкай «Кангалезскае аб’яднанне за дэмакратыю» (КАД). Колькасць паўстанцкіх войск — да 50 тысяч баевікоў. У пачатку 1999 года арганізацыя раскалолася на дзве варожыя фракцыі са штабамі ў Кісангані і ў Гома. Кісанганская фракцыя (40 тысяч) засталася ў падпарадкаванні Руанды, а гомская (20 тысяч) выступіла саюзнікам Уганды. Восенню экс-вайскоўцы арміі Мабуту стварылі Вызваленчы рух Конга (ВРК), які хутка заняў поўнач краіны. Прыхільнікі былога ўрада сабралі сілы ў 8 тысяч баевікоў. Арганізацыя знаходзілася пад кантролем урада Уганды.
Іншай бачнай антыўрадавай групоўкай быў Саюз кангалезскіх патрыётаў. Фракцыя была ўтворана ў 2001 годзе і дзейнічала на поўначным усходзе ДРК. Была праўгандыйскай. Баявыя атрады складаліся пераважна з прадстаўнікоў народа хема. Паводле ацэнак на люты 2003 года, групоўка налічвала каля 15 000 байцоў.
У апошнія месяцы вайны, у 2003 годзе, на паўночным усходзе аформіліся новыя рухі — Патрыятычныя сілы супраціўлення Ітуры і Фронт нацыяналістаў і інтэграцыяністаў. У першым, станам на май 2003 года, складалася 9000 апалчэнцаў«Ituri: Bloodiest Corner of Congo — Who is Who — Armed Political Groups in Ituri» (May 2003), Human Rights Watch.
Замежныя інтэрвенты Руандыйцы размяшчалі ў ДРК 8 тысячамі вайскоўцаў. Кантынгент Уганды налічваў 10—13 тысяч чалавек. Ангола накіравала пяцітысячную групоўку, але неўзабаве скараціла яе колькасць да 2,5—3 тысяч. Чад вылучыў экіпіраваны на грошы Лівіі двухтысячны кантынгент. Ад Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі накіравана 850 чалавек.
На люты 1999 года асабісты склад сіл абароны Намібіі ў «гарачай кропцы» налічваў усяго толькі 1000 чалавек: верагодна, гэта была адна група пяхотнага батальёна са штабам, артылерыяй, матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкай і групай верталётаў Allouette і транспартных самалётаў Y-12. У перыяд з 2000 па 2001 год гэтая лічба магла вагацца ад 1600 да 2000 чалавек, хоць намібійскія войскі па-ранейшаму не мелі вялікага значэння для канфлікту. Ваенныя дзеянні абыходзіліся Намібіі ў 150 000 долараў у дзень.
Адміністрацыя зімбабвійскага лідара Роберта Мугабэ накіравала дастаткова сучасныя і вопытныя свае падраздзяленні — ВПС. Армія краіны таксама лічылася адной з найбольш добра абсталяваных і прафесійных у рэгіёне. Менавіта зімбабвійскі ўдзел быў вырашальным фактарам у зыходзе вайны. У баях зімбабвійцы дэманстравалі выбітнае тактычнае майстэрства. Першапачаткова кантынгент краіны складаўся з сіл спецыяльнага прызначэння і некалькіх парашутыстаў, колькасцю ад 600 да 1000 чалавек. Да жніўня 1998 года былі адпраўленыя яшчэ два батальёны. Іх суправаджалі танкі Т-54/55 савецкай вытворчасці, БТРы «Кракадзіл» і разведвальныя машыны EE-9 Cascavel, дастаўленыя ў сталіцу на самалётах ВПС Анголы. Прыкладна ў лістападзе колькасць кантынгенту вырасла да 3800 чалавек і дасягнула піку ў 12 000 у студзені 2001 года.
У вайне ўдзельнічалі апазіцыйныя сілы дзяржаў-інтэрвентаў, напрыклад, Нацыянальны савет абароны дэмакратыі – Сілы абароны дэмакратыі, Фронт нацыянальнага вызвалення і іншыя. У гэты перыяд кангалезскі ўрад стаў галоўным саюзнікам антыўрадавых фракцый Угадны, Руанды і Бурундзі. Адных толькі інтэрахамвэ налічвалася 25 000.
Ход вайны
Кампанія канца 1990-х
2 жніўня 1998 года паднялі мяцеж два найлепшых злучэнні арміі ДРК — 10-я (Гома) і 12-я пяхотныя брыгады (Букаву). Яны складаліся пераважна з баньямуленге. Неадкладна ўспыхнулі баі ў Кіншасе, дзе салдаты-тутсі адмовіліся падпарадкавацца загаду раззброіцца. Урадавыя часці хутка здушылі амаль усе ачагі выступленняў. Аднак на ўсходзе краіны мяцежныя вайскоўцы на чале з генералам-маёрам Андэканам, былым паплечнікам Кабілы, яшчэ працягвалі супраціўляцца. На другі дзень яны ўсталявалі кантроль над гарадамі Увіра і БукавуBlow by blow in the Congo crisis.
4 жніўня паўстанцкі атрад у 150 чалавек, які ўзначальваў палкоўнік Джэймс Кабарэбэ, захапіў пасажырскі самалёт і прыбыў у горад Кітана (Ніжняе Конга, захад ДРК), апынуўшыся ў стратэгічным тыле кангалезскіх войск, дзе праходзілі перападрыхтоўку былыя байцы арміі Мабуту і атрадаў паўстанцаў мінулай вайны. Частка з іх далучылася да апазіцыі. Такім чынам, мяцежнікі адкрылі другі фронт, захапіўшы парты Матадзі, Бома і Банана і гідраэлектрастанцыю Інга Фолс.