Канста́нцыя Анто́наўна Кале́чыц, псеўданім Канстанцыя Буйло () — беларуская паэтэса. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968).

Біяграфія

Нарадзілася 14 студзеня 1893 года ў Вільні ў сям’і аб’ездчыка графа Тышкевіча. Была ахрышчана 17 студзеня 1893 года ў Віленскім касцёле Святога Якава.

Асноўную адукацыю атрымала дома ў хатніх настаўнікаў. У 1914 годзе скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні. Тут пазнаёмілася з Максімам Гарэцкім. Сябравала з Уладзіславай Луцэвіч. Настаўнічала ў вёсцы Горнае Скробава (1912—1913), дзе вучыла сына пана Дзеўчапольскага. А. Шоцкі адзначае, што К. Буйло некалькі разоў наведвала Крошын, Завоссе, Туганавічы, Калдычэўскае возера і мясціны, звязаныя з жыццём філаматаў і філарэтаў.

Загадвала беларускай кнігарняй у Полацку (1915—1916), але ў сувязі з яе закрыццём перайшла на працу ў .

7 чэрвеня 1916 года выйшла замуж за Віталя Адольфавіча Калечыца, сына калежскага саветніка, які паходзіў з засцянковай шляхты Мінскага павета (у 1933 годзе арыштаваны).

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працавала статыстам у Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, бухгалтарам саўгаса «Данілкава». З 1923 года пераехала ў Маскву да свайго мужа, дзе жыла да самай смерці на , № 11.

Працавала на заводзе «Аграном» (1929—1934), начальнікам аддзела збыту палітэхлабарсаюза (1934—1940), у 1940—1951 гадах — начальнікам аператыўнага аддзела, затым в. а. намесніка дырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста «Саюзветзабпрам».

Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1944 года).

Памерла ў Маскве 4 чэрвеня 1986 года. У 1989 годзе урну з яе прахам перавезлі ў Вішнева (Валожынскі раён).

Творчасць

Друкавацца пачала ў 1909 годзе, змясціўшы ў «Нашай Ніве» пад імем свайго брата Эдуарда першыя свае вершы — «Хвоя», дасланы з Адравонжы Ашмянскага павета («Наша Ніва», № 9), і «Скора зіма» («Наша Ніва», № 46). Паводле іншых звестак, першым надрукаваным вершам быў «Лес» (1903)Канстанцыя Буйло // Першацвет адраджэння: Вучэб. дапам. па беларус. літ. для ст. кл. сярэд. шк. / Склад. М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава і інш. — : Нар. асвета, 1995. — С. 318—319. — 511 с. — ISBN 985-03-0216-X.. Пад уласным імем пачала друкавацца з 1910 года. У 1914 годзе Беларускае выдавецкае таварыства выпусціла дэбютны зборнік вершаў К. Буйло — «Курганная кветка» (1914, Вільня, друкарня Марціна Кухты; факсімільнае выданне ў 1989), які адрэдагаваў Я. Купала і аформіў Язэп Драздовіч.

Да сярэдзіны 1940-х, амаль 20 гадоў не друкавалася.

Аўтар зборнікаў вершаў «Світанне» (1950), «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973). Выйшлі Выбраныя творы (1954), «Выбранае» (1968, 1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1981). Напісала кніжкі вершаў для дзяцей «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968), «Вясной» (1984). Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку. Асабліва шырокую вядомасць займела песня «Люблю», якая стала народнай.

Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускае літэратуры» лічыў яе «найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай ў нашай поэзіі».

Аўтар п’ес «Кветка папараці» (1914) і «Сягонняшнія і даўнейшыя» (1914, пастаўлена ў 1921).

Узнагароды Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968).

Ушанаванне памяці У гонар Канстанцыі Буйло названая вуліца ў Мінску, усталявана мемарыяльная дошка на Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёна, якой прысвоена яе імя.

Літаратура

Буйло К. …Коціцца рэха: Вершы, паэмы, лісты // Уклад. і прадм. Д. Чаркасавай. — : Маст. літ., 1993. — 287 с. — ISBN 5-340-01327-8.

Спасылкі

Творы Канстанцыі Буйло на сайце «Беларуская Палічка» Творы Канстанцыі Буйло на сайце «Родныя вобразы» Кароткая біяграфія на сайце «Адраджэнцы Беларусі»

Катэгорыя:Члены Саюза пісьменнікаў СССР Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Паэты паводле алфавіта Катэгорыя:Паэтэсы Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Драматургі Беларусі Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы культуры Беларускай ССР