Ю́заф Юсты́навіч Чахо́віч (поўнае імя — Ю́заф Бенеды́кт; , ; , Віцебская губерня — , Вільня) — беларускі і польскі фатограф, адзін з пачынальнікаў фатаграфіі на тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы. Член Французскага фатаграфічнага таварыства з 1876. Вядомы сваімі відамі Вільні, Кіева, Віцебска, Гродна і краявідамі Полаччыны.
Біяграфія
Паходжанне і сям’я Юзаф Бенедыкт Чаховіч нарадзіўся 2 (14) сакавіка 1818 года ў Віцебскай губерні. Хрост адбыўся ў касцёле Святога Гераніма ў мястэчку Ушачы. Паходзіў са шляхецкага каталіцкага роду Чаховічаў герба «Астоя». Род Чаховічаў, які таксама карыстаўся прыдомкам Ляховіч, быў афіцыйна пацверджаны ў шляхецкай годнасці Віцебскім шляхецкім сходам 21 верасня 1832 года.
Бацькі будучага мастака — Юстын Чаховіч і Францішка з роду Падгорскіх — паходзілі са старых шляхецкіх фамілій Полацкага ваяводства. Каля 1819 года сям’я пераехала з фальварка Ханякоўшчына Лепельскага павета ў маёнтак Міткавічы (цяпер вёска Крывое Сяло Шумілінскага раёна) Полацкага павета. Юзаф вырас у вялікай сям’і, дзе было дзесяць дзяцей. Сярод яго братоў былі Аляксандр Дэзыдэрый (нар. 1819, ахрышчаны ў Бешанковіцкім касцёле) і Павел Станіслаў (нар. 1833, ахрышчаны ў касцёле ў Непаротах). Таксама Юзаф меў сем сясцёр: Вільгельміну, Караліну, Аляксандру, Соф’ю, Юзэфу, Францішку і Кляменціну.
Адукацыя і дзяржаўная служба У верасні 1830 года Юзаф разам з братам Аляксандрам быў залічаны ў другі клас Віцебскай мужчынскай гімназіі. Вучэбная праграма ўключала замежныя мовы, матэматыку, гісторыю, геаграфію, а таксама асновы малявання і каліграфіі. Хлопец вылучаўся стараннасцю і здольнасцямі да матэматыкі. Гімназію браты скончылі каля 1838 года.
Пасля заканчэння навучання Чаховіч пачаў службу ў Ваенным міністэрстве Расійскай імперыі. У 1843 годзе ён атрымаў ніжэйшы чын калежскага рэгістратара. У 1844—1847 гадах ён працаваў бухгалтарам у ваенным шпіталі ў Замасці, які падпарадкаваўся акруговай камісіі ў Нова-Георгіеўску. У 1846 годзе ён атрымаў павышэнне да чына губернскага сакратара. Атрыманы досвед фінансавай і арганізацыйнай працы пазней дапамог яму ў кіраванні ўласнай фатаграфічнай майстэрняй. У 1848 годзе працаваў бухгалтарам ваеннага шпіталя ў Асаўцы.
Фатаграфічная дзейнасць
Станаўленне і праца ў Віцебску Прыкладна ў 1853 годзе Чаховіч пакінуў ваенную службу і прысвяціў сябе святлапісу. Асновы фатаграфічнага мастацтва ён засвоіў у Варшаве, а таксама наведваў Парыж для вывучэння найноўшых тэхнік здымкі. Першыя прафесійныя поспехі былі звязаны з працай у Любліне. З пачаткам Крымскай вайны вярнуўся на ваенную службу як інспектар паставак для расійскай арміі ў Чарнігаўскай губерні.
У пачатку 1860-х гадоў ён вярнуўся ў Віцебск, дзе адкрыў уласную майстэрню. Фатаграфаваў у Варшаве, Кіеве і Чарнігаве, у 1861 годзе здымкі планавала апублікаваць выданне «Светописная Русь»Dainius Junevičius. Juozapo Čechavičiaus Vilnius…. У ліпені 1863 года Чаховіч пісьмова заяўляў уладам, што яго мэтай з’яўляецца фіксацыя гістарычных відаў. У 1864 года пецярбургскі часопіс «Фотограф» высока ацаніў яго віцебскія работы, адзначыўшы іх чысціню і выразнасць.
Віленскі перыяд і міжнароднае прызнанне У жніўні 1865 года фатограф пераехаў у Вільню, дзе яго талент раскрыўся найбольш поўна.
У 1866 годзе наведаў Лондан, каб пазнаёміцца з развіццём фатаграфіі. Па вяртанні адкрыў у Вільні фотаатэлье, якое дзейнічала да 1888 года (з перапынкам у 1874—1876 гадах). З 1869 года актыўна здымаў Вільню і ваколіцы. Атрымаўшы абавязковы дазвол генерал-губернатара фатаграфаваць Вільню і ўвесь Паўночна-Заходні край, ён стварыў маштабную серыю гарадскіх пейзажаў, якая прынесла яму вядомасць у Расійскай імперыі і за яе межамі.
У 1876 годзе ён быў прыняты ў Французскае фатаграфічнае таварыства і ўдзельнічаў у міжнародных выставах у Парыжы. У 1876—1888 гадах фотаатэлье Юзафа Чаховіча было на вул. Батанічнай ва ўласным доме (каля ўваходу у Батанічны сад). Нягледзячы на жыццё ў Вільні, ён працягваў фіксаваць беларускія краявіды: у 1884 годзе стварыў панараму Гродна, а ў 1887 годзе ўдзельнічаў у навуковай экспедыцыі па рацэ Вілія ад Вілейкі да Вільні і Коўна. Вынікам гэтага падарожжа стаў альбом «Берагі Віліі», дзе былі зафіксаваны віды такіх мясцін, як Міхалішкі, Жодзішкі, Быстрыца, Данюшава і Тупальшчына.
Юзаф Чаховіч памёр 1 (13) студзеня 1888 года ў Вільні ва ўзросце 69 гадоў. Ён быў пахаваны на Бернардынскіх могілках, дзе на яго магіле захаваўся прыкметны помнік.
Асаблівасці творчага метаду Творчасць Чаховіча грунтавалася на падзеле паміж камерцыйнай і мастацкай дзейнасцю. Партрэтная фатаграфія заставалася для яго фінансавым фундаментам, які дазваляў займацца пейзажамі. Яго партрэтныя работы цаніліся кліентамі за кампазіцыйную выверанасць і майстэрства перадачы святла. У 1878 годзе на Сусветнай выставе ў Парыжы былі прадстаўлены яго вялікафарматныя партрэты.
Сапраўдным пакліканнем мастака была пейзажная і архітэктурная фатаграфія. Чаховіч лічыцца піянерам сістэматычнай здымкі гарадскога асяроддзя. Ён адным з першых у рэгіёне пачаў фатаграфаваць інтэр’еры храмаў і палацаў, а таксама актыўна выкарыстоўваў метад панарамнай здымкі. За свае пейзажныя працы Чаховіч быў узнагароджаны срэбнымі медалямі на выставах у Маскве і атрымаў высокія водгукі ў Парыжы.
Спадчына і памяць Творы Юзафа Чаховіча захоўваюцца ў музейных калекцыях Вільні, Варшавы, Масквы і Ватыкана. Яны маюць статус каштоўных гістарычных дакументаў і мастацкіх шэдэўраў. Даследаваннем яго спадчыны займаліся літоўскі гісторык мастацтва Дайнюс Юневічус, а таксама даследчыкі Надзея Саўчанка, Алена Бархатава і беларускі гістарыёграф Зміцер Юркевіч.
Ва Ушацкім музеі народнай славы імя У. Э. Лабанка быў рэалізаваны праект «Людзі цікавыя людзям», дзе прадстаўлены жыццяпіс Чаховіча і копіі яго прац. Вяртанне імя мастака ў беларускі культурны кантэкст з’яўляецца важным крокам у асэнсаванні гісторыі айчыннага мастацтва.
Крыніцы
Літаратура Dainius Junevičius. Juozapo Čechavičiaus Vilnius. Parodos vadovas. — Vilnius: Lietuvos dailės muziejus, 2015.
Спасылкі
Катэгорыя:Фатографы Расійскай імперыі Катэгорыя:Фатографы XIX стагоддзя