Мікалаеўская царква — праваслаўны храм у горадзе Магілёве. Помнік архітэктуры барока, характэрны прыклад дойлідства, дзе яскрава праявіліся планіровачна-канструкцыйныя і архітэктурна-дэкаратыўныя асаблівасці, характэрныя для гэтага рэгіёна.
Гісторыя Будаўніцтва манастыра пачалося ў XVII ст., калі кіеўскі мітрапаліт Пётр (Магіла), атрымаў згоду польскага караля і вялікага князя літоўскага Уладзіслава IV на будаўніцтва у Магілёве царквы Святога Мікалая. Падчас праўлення магілёўскай епархіяй епіскапам Сільвестрам (Косавым) ў 1637 г. была пабудавана часовая драўляная Мікольская царква. Будаўніцтва неацепленнага цаглянага храма пачалося ў 1669 г., а ў 1672 г. ён быў асвечаны біскупам Феадосіем I (Васілевічам).Свято-Никольский женский монастырь г. Могилёва. Издание Свято-Никольского женского монастыря, 2006. .
У гады савецкай улады царкоўная рэчы храмаў манастыра былі канфіскаваны і выкарыстоўваліся не па прызначэнні, іканастас разбураны. А ў 1934 г. са смерцю святара Міхаіла Пляшчынскага Свята-Мікольскі сабор быў зачынены. У 1937 г. спыніла існаванне і Магілёўская епархія (адроджана ў 1989 г.).
З 1937 г. ў Свята-Мікольскім саборы знаходзілася перасыльная турма. У 1941 г. турма была зачынена.
Комплекс моцна пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З 1946 г. у саборы размяшчалася кніжная база. З 1956 года вяліся, т.зв. рэстаўрацыйныя работы, у ходзе якіх будынак Свята-Мікольскага храма прыйшоў у яшчэ большы заняпад.
У 1981 г. скончаны знешнія работы па аднаўленні і рэканструкцыі комплексу манастыра паводле праекта, распрацаванага ў Спецыялізаваным навукова-рэстаўрацыйным аб’яднанні «Белрэстаўрацыя» Міністэрства культуры БССР (архіт. А. Канаваленка). Адноўлена Мікалаеўская царква, вяліся работы па рэстаўрацыі манументальнага жывапісу ў інтэр’еры і экстэреры.
У 1995 г. да Свята-Мікольскага храма падвялі ацяпленне.
Архітэктура
Уяўляе сабой трохапсідную крыжова-купальную базіліку з васьмігранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Да цэнтральнага нефа з захаду далучаны прытвор. Галоўны фасад падзелены карнізамі па 3 ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. Першы масіўны ярус аздоблены 3 плоскімі паўцыркульнымі нішамі на ўсю вышыню, з’яўляецца п'едэсталам для наступных ярусаў. Другі дэкарыраваны «глухой» аркатурай, пілястры якой пакрыты ляпным раслінным арнаментам, спаранымі нішамі з гіркамі. У трэцім ярусе аркатурны матыў з паўкалонкамі прарысаваны больш дэталёва. Бакавыя фасады расчлянёны высокімі пілястрамі. Крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. Аконныя праёмы паўцыркульныя і лучковыя.
Інтэр’ер
У інтэр’еры 2 рады калон падзяляюць прастору на 3 нефы. Базілікальная частка завершана трансептам, які крыху выступае. Перакрыцце цэнтральнага нефа і крылаў трансепта — цыліндрычныя скляпенні, бакавых нефаў (завершаны паўцыліндрычнымі апсідамі) — крыжовыя. У бабінцы над уваходам размешчаны хоры. Абапал бабінца — 2 службовыя памяшканні, у адным з іх знаходзілася вітая лесвіца на вежы. Інтэр’ер царквы ўпрыгожаны манументальным жывапісам розных часоў. Самыя раннія фрэскі — кампазіцыя «Тройца новазапаветная» (па скляпенні купала) і выявы 4 евангелістаў з сімваламі (па ветразях) — адносяцца да канца 17 ст. Сюжэтныя сцэны на біблейскія і евангельскія тэмы (захавалася 19 кампазіцыіі) размешчаны ў 2 ярусы паміж аконнымі праёмамі светлавога барабана (1-я палова 18 ст.). У алтарнай частцы захаваліся невялікія сюжэтныя кампазіцыі і арнаментальны дэкор канца 18 — пачатку 19 ст. Размалёўкі выкананы ў тэхніцы фрэскі (па сырой тынкоўцы) і клеявымі фарбамі. Палітра стрыманая, светлая і цёплая: пераважае вохра з адценнямі ружова-чырвоных, жоўта-карычневых, зялёных і блакітна-сініх колераў. Мадэліроўка форм, твараў і складак адзення — колеравая. Кампазіцыі характарызуюцца прасторавай глыбінёй і аб’ёмам. Тыпаж простанародны. У сцэны ўведзены скупы пейзаж з певялікімі архітэктурнымі кулісамі, але кампазіцыі цэласныя, напоўненыя ўнутраным рухам.
Чатырох’ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) зроблены мясцовымі майстрамі да 1672 г. Некалькі разоў рамантаваўся, але істотна змяніліся толькі дэталі ніжняга яруса. Увенчаны скульптурным распяццем у абрамленні пышнай разьбы.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Магілёва Катэгорыя:Магілёўская школа дойлідства Катэгорыя:1672 год у Еўропе Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Магілёве