Будынак былой Марыінскай жаночай гімназіі па вул. Ажэшкі, № 22 узведзены ў 1893 годзе. Помнік позняга класіцызму. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
Гісторыя
Трохпавярховы будынак пабудаваны ў 1893 годзе, аўтар праекта — В. Ф. Нябольсін.
Вясной 1919 года праз кароткі час пасля закрыцця гімназіі тут знаходзілася канцылярыя Гродзенскай беларускай губернскай управы. З восені 1919 да пачатку 1921 года працавала беларуская школа. У далейшым будынак выкарыстоўваўся толькі ў адукацыйных мэтах. На 1926 год працавала жаночая настаўніцкая семінарыя імя Э. Ажэшкі (дырэктар Швяйкоўская). У 1940—1941 гадах дзейнічаў настаўніцкі інстытут, першы на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Будынак шчасна перажыў вайну. У 1944 годзе ў ім пачаў дзейнічаць педінстытут, на базе якога ў 1978 годзе адкрыты Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы, якому будынак жаночай Марыінскай гімназіі належыць і па гэты дзень.
Перад будынкам універсітэта ў 1964 годзе пастаўлены бронзавы бюст Янкі Купалы скульптара З. Азгура. Гэта не адзіны помнік, што стаяў каля будынка былой гімназіі. Пасля ўсталявання савецкай улады ў 1939 годзе злева ад параднага ўвахода ў настаўніцкі інстытут з’явілася трохметровая выява Сталіна, якую ў чэрвені 1941 года мясцовыя жыхары скінулі з пастамента.
Будынак — помнік архітэктуры позняга класіцызму.
Архітэктура Будынак Г-падобны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад вылучаны двума бакавымі рызалітамі. Дом абліцаваны жоўтай цэглай. Строгі характар будынку надае выразны рытм аконных праёмаў. Планіроўка дома — аднабаковае размяшчэнне класных пакояў. Вакол дзвюх лесвічных клетак знаходзіліся тэхнічныя памяшканні і лабараторыі.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Славутасці Гродна Катэгорыя:Вуліца Ажэшка (Гродна) Катэгорыя:1893 год у Гродне Катэгорыя:Збудаванні Гродна ў стылі класіцызм Катэгорыя:Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы