Архіепіскап Арцемій, свецкае імя Алякса́ндр Анато́левіч Кі́шчанка (, , БССР, СССР — , Гродна) — беларускі царкоўны дзеяч, выкладчык; епіскап Беларускай праваслаўнай царквы, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі з 1996 да 2021 года. Кандыдат багаслоўя (2004), доктар тэалогіі (2013).

Біяграфія Рос без бацькі ў нерэлігійнай сям’і. Наведваў храм з 7—8 класа школы, тады ж вырашыў стаць святаром. У 1969 годзе паступіў у Беларускі інстытут механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, аднак поспехаў у навучанні не дасягнуў і пасля 3-га курса перавёўся на завочнае аддзяленне. Пасля службы ў Савецкай арміі (1975—76) сышоў паслушнікам у Пскова-Пячорскі манастыр.

У 1976 годзе паступіў у Ленінградскую духоўную семінарыю. 8 кастрычніка 1978 года ў храме Святога Іаана Багаслова архіепіскапам Выбаргскім Кірылам пастрыжаны ў чытальніка.

У 1979 годзе залічаны ў Ленінградскую духоўную акадэмію. 7 лютага 1982 года прызначаны псаломшчыкам Успенскай царквы горада Алонца Карэльскай АССР. 21 лютага таго ж года мітрапалітам Ленінградскім і Наўгародскім Антоніем пасвечаны ў дыякана ў стане цэлібату і прызначаны на служэнне ў Алонецкую царкву.

28 верасня 1982 года мітрапалітам Талінскім і Эстонскім Аляксіем II накіраваны ў распараджэнне мітрапаліта Мінскага і Беларускага Філарэта для праходжання царкоўнага служэння. 1 кастрычніка 1982 года ўказам уладыкі Філарэта прыняты ў клір Мінска-Беларускай епархіі і прызначаны на пасаду дыякана мінскай Свята-Аляксандра-Неўскай царквы. 24 сакавіка 1984 года пасвечаны ў іерэя і прызначаны настаяцелем гэтай царквы.

18 красавіка 1993 года Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам узведзены ў сан протаіерэя.

3 студзеня 1996 года мітрапалітам Філарэтам у Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры пастрыжаны ў манаства з імем у гонар Арцемія, велікамучаніка Антыяхійскага. 8 студзеня таго ж года ўзведзены ў сан архімандрыта.

4 лютага 1996 года ў Свята-Духавым кафедральным саборы мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам у саслужэнні членаў Сінода Беларускай праваслаўнай царквы пасвечаны ў епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага.

9 верасня 2004 года пастановай рады Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірыла Тураўскага епіскапу Арцемію нададзена вучоная ступень кандыдата багаслоўя за дысертацыю на тэму «Увядзенне ў праваслаўнае багаслоўе».

У 2006 годзе паступіў у Хрысціянскую тэалагічную акадэмію ў Варшаве. Па заканчэнні курса ў 2007 годзе атрымаў ступень магістра багаслоўя за дысертацыю «Праблемы выкладання прадмета „Катэхізіс“ у краінах былога Савецкага Саюза».

18 ліпеня 2012 года Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл узвёў епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія ў Троіца-Сергіевай лаўры ў сан архіепіскапа.

21 лютага 2013 года ў Варшаўскай хрысціянскай тэалагічнай акадэміі абараніў дысертацыю на тэму «Гісторыя Гродзенскай праваслаўнай епархіі ў 1921—1939 гадах», па выніках чаго атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі.

9 чэрвеня 2021 Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій афіцыйна быў «адпраўлены на пакой па стане здароўя»nn.by. Гэта рашэнне было негатаўна ўспрынята часткай царкоўнай супольнасці, а рабочая група «Хрысціянская візія» Каардынацыйнай рады выступіла са зваротам супраць «гвалтоўнага змяшчэння» архіепіскапа.

Памёр у ноч з 21 на 22 красавіка 2023 года пасля цяжкай хваробы. Развітанне адбылося 26 красавіка ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў Гродне. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Мінску, паміж магіламі маці і сястрыМіліцыя на чале працэсіі. Як у Мінску хавалі архіепіскапа Арцемія.

Грамадская і выкладчыцкая дзейнасць Пастырскую працу сумяшчаў з выкладчыцкай дзейнасцю: чытаў курс асноў праваслаўя на факультэце тэалогіі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, арганізоўваў працу нядзельнай школы пры храме, апеку над інтэрнатам састарэлых і інвалідаў. Адкрыў у Гродне праваслаўны місіянерскі цэнтр, які вядзе актыўную працу ў бальніцах і турме.

У 1997—1998 гадах — старшыня савета Цэнтра праваслаўнай асветы ў імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

У 2002—2014 гадах з’яўляўся старшынёй моладзевага руху Беларускай праваслаўнай царквы і ў адпаведнасці з пасадай курыраваў праваслаўны моладзевы рух у Беларусі. Аб’яднанне моладзі Беларускай праваслаўнай царквы і яго старшыня ў 2004 годзе сталі лаўрэатамі прэміі III Фестывалю праваслаўнай моладзі «Здабытае пакаленне».

У 2004—2014 гадах працаваў дацэнтам кафедры біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Прыхільнік пашырэння беларускай мовы ў богаслужэннях. У 2010 годзе на беларускай мове быў выдадзены зборнік пропаведзей епіскапа Арцемія.

Грамадзянская пазіцыя 16 жніўня 2020 года ў час пратэстаў пасля шостых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі адзіны сярод іерархаў БПЦ выступіў з казаннем, у якім асудзіў гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў і фальсіфікацыі на выбарах. Сінадальны аддзел БПЦ па ўзаемаадносінах царквы і грамадства адмежаваўся ад пропаведзі архіепіскапа Арцемія, заявіўшы, што яна адлюстроўвае выключна асабісты погляд архірэя.

У верасні 2020 года ў гродзенскім Свята-Раства-Багародзіцкім жаночым стаўрапігіяльным манастыры пачалі збіраць подпісы за адхіленне Арцемія ад пасады архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага з прычыны таго, што пад ягоным кіраўніцтвам «распаўсюджваюцца нацыяналістычныя ідэі, заснаваныя на русафобіі, вітаюцца людзі, якія карыстаюцца сімволікай нацысцкіх калабарацыяністаў, насаджаецца беларуская мова і гімн „Магутны Божа“».

22 верасня 2020 года Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін наведаў Гродзенскую епархію і выказаўся пра недапушчэнне расколу ў праваслаўнай царкве ды забараніў збіраць подпісы супраць архіепіскапа Арцемія.

Узнагароды Узнагароджаны камілаўкай (4 мая 1986) і нанедранікам (10 красавіка 1988), памятным знакам «70 гадоў з дня ўтварэння Гродзенскай памежнай групы», шэрагам царкоўных ордэнаў: Ордэн прападобнага Сергія Раданежскага 2-й ступені (РПЦ; 29 снежня 1999). Ордэн святога дабравернага князя Данііла Маскоўскага 2-й ступені (РПЦ; 25 красавіка 2002). Ордэн прападобнай Ефрасінні Полацкай (БПЦ; 5 чэрвеня 2002). Ордэн прападобнага Серафіма Сароўскага 2-й ступені (РПЦ; 4 лютага 2006). Ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага 1-й ступені (БПЦ; 25 красавіка 2007). Ордэн свяціцеля Інакенція Маскоўскага 2-й ступені (РПЦ; 21 лютага 2012).

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Архіепіскап гродзенскі і ваўкавыскі Арцемій на афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы . Архіепіскап гродзенскі і ваўкавыскі Арцемій на сайце Гродзенскай епархіі . Архіепіскап гродзенскі і ваўкавыскі Арцемій на сайце Маскоўскага патрыярхата .

Катэгорыя:Епіскапы гродзенскія і ваўкавыскія Катэгорыя:Дактары багаслоўя Катэгорыя:Выкладчыкі БДУ Катэгорыя:Выкладчыкі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Катэгорыя:Епіскапы Беларускай праваслаўнай царквы