Уладзі́мір Іва́навіч Само́йла (, Мінск — ) — беларускі публіцыст, літаратурны крытык, філосаф.
Біяграфічны нарыс Паводле даных польскай палітычнай паліцыі (1924), паходзіў з заможнай сям’і. Вывучаў старажытнарымскую літаратуру і філасофію. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, скончыў Петраградскі ўніверсітэт (1916). Доўгі час быў актыўным у палітычным жыцці: належаў да расійскай партыі кадэтаў (заставаўся ў ёй да апошняга) і быў вялікім прыхільнікам яе лідара Паўла Мілюкова, партрэт якога нават вісеў у яго кватэры.
Удзельнічаў у беларускім літаратурна-грамадскім руху ў Мінску, адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчук» (1906). З 1908 года супрацоўнічаў у мінскіх і віленскіх перыядычных выданнях («Минский курьер», «Наша ніва»). Пісаў пра асвету народных мас, неабходнасць беларускай школы. Адзін з першых высока ацаніў літаратурную творчасць Янкі Купалы. Аўтар артыкулаў, эсэ прысвечаных творчасці расійскіх і замежных пісьменнікаў. У пачатку 1910-х гадоў ад літаратурна-публіцыстычнай дзейнасці адышоў. Узначальваў хімічную лабараторыю ў Мінску, быў членам гарадской думы.
З 1918 года жыў у Вільні. Выкладаў лацінскую мову ў гімназіі Велера, але быў звольнены адтуль па абвінавачванні ў пляценні інтрыг. Быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэта. У 1920 годзе працаваў галоўным рэдактарам рускамоўнай газеты «Виленская речь» (бел. «Віленская мова»), якая субсідавалася Мейтыкам і Калтыновічам, але праз высокія выдаткі і нізкія даходы выданне было спынена прыкладна пасля сотні нумароў; таксама публікаваўся ў газеце «Виленские новости» (бел. «Віленскія навіны») ды інш. Выступіў з серыяй артыкулаў пра гаротнае становішча людзей на Віленшчыне, у якіх паказваў імперыялістычны характар палітыкі Польшчы; займаўся літаратуразнаўчай працай.
Падчас выбараў у польскі Сойм у 1922 годзе выконваў абавязкі сакратара Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта, адыгрываючы значную ролю ў беларускім руху. Цікава, што свае артыкулы Самойла часта пісаў па-руску, а потым іх перакладалі на беларускую мову іншыя дзеячы (напрыклад, Касцевіч або Сялешка). У 1923—1927 гадах адзін з вядучых публіцыстаў заходнебеларускага друку вызваленчага кірункуЭГБ, т.6, ч.1, с.218. У філасофскіх эсэ, нарысах сцвярджаў гістарычную заканамернасць нацыянальна-вызваленчага руху працоўных у Заходняй Беларусі і яго аб’ектыўную непераможнасць. Паводле ацэнак польскай палітычнай паліцыі (1924), Самойла адрозніваўся пыхай, а з’яўленне ў яго публіцыстыцы адкрыта камуністычных матываў у гэты час тлумачылася цяжкім матэрыяльным становішчам.
Пасля разгрому БСРГ ад актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці адышоў. У 1928—1929 гадах выступіў у друку з рэцэнзіямі на выданні Інбелкульта і Беларускай Акадэміі Навук. У газетах «Kurier Wileński» i «Przegląd Wileński» апублікаваў артыкулы пра абрады, звычаі, нацыянальную ідэалогію беларусаў, нацыянальна-вызваленчы рух.
На пачатку 1930-х гадоў працаваў бібліятэкарам Беларускага музея імя І. Луцкевіча. Асноўныя публікацыі гэтага перыяду (пераважна ў часопісе «Калоссе») датычылі культуралагічнай тэматыкі, помнікаў старажытнай літаратуры, пытанняў гісторыі мастацтва, музыкі. Разглядаў творчасць асобных дзеячаў рускай і сусветнай культуры ў кантэксце з задачамі культурнага развіцця Беларусі.
Пасля ўваходу савецкіх войскаў у Вільню восенню 1939 года Самойла быў арыштаваны органамі НКУС у кастрычніку 1939 года ў ліку іншых ключавых беларускіх дзеячаў, яшчэ да афіцыйнай перадачы горада Літве. Вывезены органамі НКУС з Вільні, некаторы час знаходзіўся ў турме ў Беластоку. Паводле аднаго з вязняў, які сядзеў з ім у камеры беластоцкай турмы, «Самойла, беларус, хварэў на страўнік. Быў змучаны частымі допытамі. Седзячы ў камеры, увесь час пісаў. Энкавэдысты вымагалі ад яго падрабязнага апісання беларускага руху»Goniec Codzienny, Nr. 38, 02.09.1941 . Этапаваны ў Мінск ці Вілейку, дзе быў расстраляныМаракоў….
Знаёмства з Янкам Купалам Летам У. Самойла прыязджаў у бацькоўскі фальварак Казіміраўка пад Мінскам. Непадалёк знаходзіўся хутар Мачаны, куды да сваякоў прыходзіў юны Іван Луцэвіч, сын беднага шляхціца-аднадворца. Падлетак марыў вучыцца ў Мінскім рэальным вучылішчы, а Уладзіміра Самойлу, бацька якога быў там дырэктарам, папрасілі падрыхтаваць будучага пісьменніка да паступленняЛегенды учителя Купалы .
Ідэя з вучылішчам здзейснілася, аднак маладыя людзі пачалі сябраваць. А галоўнае, Уладзімір Самойла разгледзеў ў маладзейшым сябру — розніца паміж імі была чатыры гады — вялікі паэтычны талент.
Самойла адыграў значную ролю ў творчым стаўленні Янкі Купалы, падтрымліваючы яго ў друку, заклікаючы да настойлівай працы над сваім талентам. Праз Самойлу Янка Купала пазнаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай, надрукаванай па-беларуску (у пераважнай большасці адозвамі і пракламацыямі БСГ). У мінскай газеце «Северо-Западный край», будучы яе супрацоўнікам, Уладзімір Самойла 13 мая 1905 года змясціў верш Івана Луцэвіча «Мужык», якім аўтар дэбютаваў у літаратуры, ён быў падпісаны псеўданімам Янка Купала. Адзін з першых рэцэнзентаў і даследчыкаў купалаўскай паэзіі. У сваіх газетных водгуках на выхад у свет «Жалейкі» і «Адвечнай песні» У. Самойла акцэнтаваў увагу на значнасць гэтых падзей для беларускага нацыянальнага адраджэння.
Творчасць Уладзімір Самойла пакінуў вялікую спадчыну, якая не поўнасцю вядомая (асабліва гэта датычыцца публікацый у расійскай і нямецкай перыёдыцы). Першыя літаратуразнаўчыя артыкулы датуюцца 1908 годам.
Аўтар артыкулаў, прысвечаных творчасці прадстаўнікоў расійскага мадэрнізму Вячаслава Іванава, Д. Меражкоўскага, С. Гарадзецкага. Даў бліскучы аналіз мастацкім пошукам Г. Ібсена і М. Метэрлінка, сцэнічнай дзейнасці У. Меерхольда. У зборніку «Туманы» (Мінск, 1909) змясціў вялікі крытычны артыкул-нарыс «Аляксандр Блок. Асноўныя матывы паэзіі»; збіраў матэрыял для кнігі, прысвечанай яго творчасці.
У. Самойла быў ініцыятарам дыскусіі, распачатай на старонках газеты «Минский курьер» (1 красавіка 1908) у абарону беларускай мовы і культуры, выступіў у ёй з сур’ёзным абгрунтаваннем выкладання ў школах Беларусі на роднай мове, без якой лічыў немагчымым свабоднае выяўленне творчых сіл народа. У 1923—1927 гадах актыўна выступаў у жанры палітычнай публіцыстыкі ў выданнях Беларускага пасольскага клуба і Беларускай сялянска-работніцкай грамады, выкрываючы захопніцкія намеры польскага буржуазнага ўрада ў адносінах да нацыянальных меншасцяў (артыкулы «Што такое „Wyzwolenie“»; «Які „Самаўрад“ гатуе Беларускаму народу Польская рэспубліка» і інш.).
Займаўся гісторыяй беларускай культурнай спадчыны, рыхтаваў публікацыі па праблемах этнаграфіі, літаратуры, фалькларыстыкі, мастацтва («Вялікі скарб нашай старасветчыны», «Над калыскай беларускай музыкі» і інш.). У артыкулах і рэцэнзіях, прысвечаных заходнебеларускай літаратуры, даследаваў жанравую і ідэйную разнастайнасць творчасці асобных пісьменнікаў, выявіў непаўторнасць мастацкага аблічча беларускага паэта К. Сваяка. У публіцыстычна-філасофскіх нататках («Трыумфуе Беларусь», «Гэтым пераможаш!») паказаў аб’ектыўную заканамернасць барацьбы працоўных Заходняй Беларусі за сваё нацыянальнае вызваленне.
Даследаваў расійскую літаратуру, напісаў параўнальна-аналітычны артыкул «Блок і Дастаеўскі». Творчыя партрэты М. Рэрыха, Ф. Шаляпіна, А. Грачанінава падаў на фоне праблем культурна-мастацкага жыцця Беларусі. У брашуры «Праф. М. Здзяхоўскі пра беларускую душу» сцвярджаў веліч і непераможнасць народнага генія, гістарычнай паўнацэннасці беларускай нацыі.
Творы Праф. Здзяхоўскі аб беларускай душы. Вільня, 1924; Які «Самаўрад» гатуе Беларускаму народу Польская рэспубліка? Вільня, 1924; Рэц.: Беларускі архіў. Т. 1 // Jahrbücher für Kultur und Geschichte der Slaven. Bd. 7, H. 2 (1931). S. 211—212. Ein Bericht über die zehnjährige Tätigkeit des ersten weissrussischen Staatstheaters // Jahrbücher für Kultur und Geschichte der Slaven. Bd. 7, H. 4 (1931). S. 396—398. Рэц.: Iljaševič M. Belorus a Belorusove // Ibid. S. 461—463. «Nowy» i «najnowszy» kurs polityki polskiej w sprawie biaіoruskiej. Wilno, 1932; Die Weissruthenische Akademie der Wissenschaften am Vorabend des zweiten Fünfjahresplanes // Jahrbücher für Kultur und Geschichte der Slaven. Bd. 10, H. 3/4 (1934). S. 463—476. Рэц.: Gadavik Belaruskaga Navukovaga T — va u Wilni // Jahrbücher für Kultur und Geschichte der Slaven. Bd. 11, H. 1 (1935). S. 161—167. У кн.: Александровіч С. Х., Александровіч В. С. Беларуская літаратура ХІХ — пачатку ХХ ст.: Хрэстаматыя крытычных матэрыялаў. Мн., 1978.
Крыніцы
Літаратура Бас І. Уладак з Казіміраўкі // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. — Мн., 1971; Калинкович Н. Как дань глубокого уважения… // Нёман. 1979, № 11; Александровіч С. Х. Уладзімір Самойла — даследчык паэзіі Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. — Мн., 1981; Конан У. Прарок у сваёй Айчыне: Ул. Самойла, 1878—1941 // Вяртання маўклівая споведзь: постаці творцаў беларускай гісторыі ў кантэксце часу. — Мн., 1994; БП, т. 5;
Спасылкі
САМОЙЛА Уладзімір Іванавіч Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк). Крытык і філёзаф, ахвяра Сталіна. 20 фактаў пра Ўладзімера Самойлу // Радыё Свабода, 29 студзеня 2018
Катэгорыя:Літаратурныя крытыкі Беларусі Катэгорыя:Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Філосафы Беларусі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску Катэгорыя:Кадэты