Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі знаходзіцца ў раёне Слабада горада Ліда Гродзенскай вобласці. Дзейнічае.

Гісторыя Яшчэ да Першай Сусветнай вайны Віленскі губернатар зацвердзіў дазвол Лідскага магістрата ад 15 снежня 1909 года аб выдзяленні 3 дзесяцін гарадской тэрыторыі на будаўніцтва каталіцкага храма на Слабодцы.

Але парафія пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў гарадскім прадмесці Слабада была заснавана толькі ў 1933 годзе. Так адрадзіўся тытул былой кармеліцкай святыні, якая некалі існавала ў Лідзе. Драўляны касцёл без стылёвых асаблівасцей пабудавалі на скрыжаванні вул. Райскай (цяпер Горкага) і Поўнай (не існуе). З таго часу святыня заўсёды дзейнічала, нават у савецкі перыяд, калі засталася амаль адзіным драўляным даваенным будынкам сярод новых цагляных і панэльных жылых пяціпавярховак. З 1922 г. пробашчу ў парафіі дапамагалі сёстры з Супольнасці Дачок Панны Марыі Беззаганай. У 1936 г. Гарадская рада даравала Слабадской парафіі 2 га гарадской зямлі для заснавання могілак.

Перад Другой сусветнай вайной парафія ў Слабадзе налічвала больш за 7000 вернікаў. Пробашчам тут з 1937 года быў ксёндз Вінцэнт Лабан, расстраляны нацыстамі ў 1943 годзе разам з вікарыем Люцыянам Мрачкоўскім.

Інтэр’ер драўлянага касцёла, падзелены на тры нефы чатырма парамі слупоў і перакрыты падшыўной столлю (плоскай у цэнтральным нефе і схільнай паніжанай у бакавых). Яго ўпрыгожваюць тры алтары: галоўны з фігурай Найсвяцейшай Панны Марыі, левы бакавы — св. Юзафа (наверсе абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі) і правы — св. Антонія (наверсе абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса). Над уваходам зроблены арганныя хоры на чатырох парах слупоў, але зараз яны не выкарыстоўваюцца.

У 1989 г. парафіяй сталі апекавацца айцы салезіяне. У 1993 г. пачалося будаўніцтва новага касцёла з чырвонай цэглы ў стылі неаканструктывізму 1980-х гадоў паводле праекта, які да гэтага ўжо быў рэалізаваны ў г. Пётркаў-Трыбунальскі (Польшча), а тут быў адаптаваны лідскім архітэктарам Васілеўскім. У 1997 г. парафія перайшла пад дыяцэзіяльную юрысдыкцыю. 7 снежня 2002 года новазбудаваную святыню асвяціў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Архітэктура Сучасны касцёл — гэта трохнефная безапсідная святыня, перакрытая адзіным двухсхільным дахам з металачарапіцы. Да алтарнай часткі, утвараючы з касцёлам адзінае цэлае, далучаны двухпавярховы аб’ём парафіяльнага цэнтра. Галоўны фасад святыні вырашаны чатырма ромбападобнымі ў плане вежамі-пілонамі, з якіх левая ад уваходу трошкі вышэйшая за іншыя і ў ёй змешчана званіца. Касцёльны ўчастак абнесены металічнай агароджай на бетонных слупках.

Інтэр’ер Інтэр’ер новага касцёла падзелены на тры нефы чатырма парамі васьмігранных калон і перакрыты бетоннымі плітамі па маналітных бэльках. На алтарнай сцяне змешчана велічнае разьбянае Укрыжаванне, бакавыя нефы завершаны алтарнымі двух’яруснымі кампазіцыямі: злева — тытульная фігура Маці Божай Беззаганнага Зачацця і абраз св. Ганны наверсе, справа — св. Антонія і абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса наверсе. Арганныя хоры абапіраюцца на чатыры пары бетонных слупоў.

Спасылкі Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі — slowo.grodnensis.by

Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі Катэгорыя:Касцёлы Ліды Катэгорыя:З’явіліся ў 2002 годзе Катэгорыя:2002 год у Беларусі