Грамадства — сацыяльнае ўтварэнне, якое ўяўляе сабой галоўную ўмову жыццядзейнасці людзей, увасобленую ў канкрэтна-гістарычных формах і тыпах. Грамадства — шматзначнае паняцце, якое ў агульнапрынятым сэнсе азначае групу людзей, што характарызуецца агульнымі інтарэсамі і можа мець адрозненні ў культуры і адмысловыя ўстановы. Грамадства таксама можна азначыць як арганізаваную групу людзей, звязаных разам у рэлігійных, дабрачынных, культурных, навуковых, палітычных, эканамічных і іншых мэтах.

Вылучаюць шэраг абавязковых прыкмет сучаснага грамадства: наяўнасць пэўнай сукупнасці надзеленых воляй і свядомасцю індывідаў; існаванне агульных інтарэсаў; узаемадзеянне і супрацоўніцтва ў імя агульных мэт; стварэнне дзяржавы і рэгуляванне праз яе розных інтарэсаў; магчымасць развіцця і ўдасканалення грамадскіх інстытутаў шляхам іх рэфармавання і інш. Пры гэтым першаснай адзінкай грамадства лічыцца абстрактны індывід, а само грамадства асацыіруецца з сукупнасцю індывідаў. Аднак гэтыя прыкметы не лічацца вычарпальнымі і не прымаюцца ў якасці сукупнага крытэрыю для вызначэння чалавечага грамадства.

У гісторыі філасофіі, сацыялагічнай і прававой думкі ўсталявалася разуменне грамадства як сукупнасці людзей, аб’яднаных у адзінае цэлае па аб’ектыўных або суб’ектыўных прычынах. Геракліт лічыў грамадства адным з выяўленняў усеагульнага розуму (логасу), Дэмакрыт — штучным прадуктам працяглага натуральна неабходнага развіцця. Сакрат і Платон імкнуліся адшукаць аснову грамадства ў думцы пра яго, яго ідэі. Арыстоцель выводзіў паняцце грамадства з неабходнасці зносін свабодных і раўнапраўных людзей. Існавалі трактоўкі грамадства як злучэння многіх людзей, аб’яднаных агульнасцю патрэб, інтарэсаў, згоднасцю ў пытаннях права (Цыцэрон). Інтэлектуалы Н. Макіявелі, Т. Гобс бачылі ў грамадстве сродак сацыяльнага кантролю над сутнасцю індывіда і яго ўтаймавання. У перыяд буржуазных рэвалюцый у Заходняй Еўропе моцныя пазіцыі набылі розныя варыянты дагаворнай тэорыі грамадства (Г. Гроцый, Д. Дзідро). У процівагу грамадскаму дагавору Г. Гегель прапанаваў у якасці фактара, што фарміруе грамадства, шматбаковую ўзаемную залежнасць індывідаў у сумесным, найперш эканамічным, жыцці. У другой палове XIX ст. ўзнікла матэрыялістычная тэорыя грамадства (К. Маркс, Ф. Энгельс, У. Ленін, Г. Пляханаў). Яна аспрэчвае тое, што ключавое значэнне для грамадства мае індывід. Паняцце грамадства ў матэрыялістычным разуменні ўключае ўсю сукупнасць грамадскіх з’яў і інстытутаў, абумоўленых неабходнасцю ўзаемадзеяння людзей, іх разнастайнымі сувязямі і адносінамі. Грамадства на пэўнай ступені развіцця — гэта грамадска-эканамічная фармацыя, якая мае ўнутраную структуру і зменьваецца па аб’ектыўных законах.

У апошняй трэці XX ст. атрымалі прызнанне канцэпцыі, у якіх найважнейшым фактарам устанаўлення разнастайных сувязей паміж індывідамі і пераўтварэнняў у грамадстве лічыцца навукова-тэхнічны прагрэс і выкліканыя ім сацыяльна-эканамічныя вынікі. Асабліва вылучаюцца тэорыі індустрыяльнага грамадства, дзе асноўнай крыніцай складанага комплексу грамадскіх узаемасувязей паміж людзьмі выступае індустрыялізацыя, прагрэс навукі і тэхналогій, у прыватнасці, стварэнне сусветнай сістэмы камунікацыі і ўзнікненне глабальнага грамадства. Пашыранымі сацыяльна-эканамічнымі версіямі індустрыяльнага грамадства з’яўляюцца тэорыя дабрабыту і канцэпцыя аб «дзяржаве працвітання». Лагічным працягам тэорыі індустрыяльнага грамадства з’яўляюцца тэорыі постындустрыяльнага грамадства і інфармацыйнага грамадства. Існуюць таксама канцэпцыі адкрытых і закрытых грамадстваў.

Грамадства — асноватворная катэгорыя філасофіі і сацыялогіі. Філасофска-тэарэтычны аналіз грамадства магчымы толькі на базе даследавання яго ідэальнай мадэлі. На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва адбываўся пастаянны пошук гэтай мадэлі і спробы яе апісаць.

Канцэпцыі

У біялогіі

Чалавек, разам са сваімі найбліжэйшымі сваякамі — баноба і шымпанзэ, — з’яўляецца высокасацыяльнай жывёлай. Гэты біялагічны кантэкст мяркуе, што сацыяльнасць, неабходная для фарміравання грамадства, закладзена ў прыродзе чалавека на фундаментальным узроўні. Чалавечае грамадства вылучаецца высокім узроўнем кааперацыі і істотна адрозніваецца ад груп шымпанзэ і банабо па шэрагу ключавых прыкмет. Да іх адносяцца: удзел самцоў у выхаванні патомства, выкарыстанне вербальнай мовы для зносін, падзел працы і схільнасць да стварэння «гнёздаў» (паселішчаў для некалькіх пакаленняў, такіх як стаянкі, пасёлкі і гарады).

Некаторыя біёлагі, у тым ліку энтамолаг Э. О. Уілсан, адносяць людзей да эўсацыяльных відаў, ставячы іх у адзін шэраг з мурашкамі на найвышэйшую прыступку сацыяльнай арганізацыі ў эталогіі жывёл, хоць іншыя навукоўцы з гэтым не згодныя. Мяркуецца, што жыццё ў сацыяльных групах магло развіцца ў людзей у выніку групавога адбору ва ўмовах асяроддзя, якія ўскладнялі выжыванне.

У сацыялогіі

У заходняй сацыялогіі існуюць тры дамінуючыя парадыгмы ў разуменні грамадства: структурны функцыяналізм, тэорыя канфлікту і сімвалічны інтэракцыянізм.

З пункту гледжання Карла МарксаMorrison, Ken. Marx, Durkheim, Weber. Formations of modern social thought, людзі па сваёй сутнасці, па неабходнасці і па вызначэнні з’яўляюцца сацыяльнымі істотамі. Яны не проста «статкавыя істоты», а істоты, якія не могуць выжыць і задаволіць свае патрэбы інакш як праз сацыяльнае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва. Таму іхнія сацыяльныя якасці ў значнай ступені з’яўляюцца аб’ектыўнай дадзенасцю, закладзенай з нараджэння і падмацаванай у ходзе сацыяльнай адаптацыі. Паводле Маркса, у працэсе вытворчасці і ўзнаўлення свайго матэрыяльнага жыцця людзі непазбежна ўступаюць у вытворчыя зносіны, якія «не залежаць ад іхняй волі».

У адрозненне ад Маркса, сацыёлаг Макс Вебер вызначае дзеянне чалавека як «сацыяльнае», калі ў сілу таго суб’ектыўнага сэнсу, які дзеючы індывід укладвае ў яго, яно «суадносіцца з дзеяннямі іншых людзей і арыентуэцца на іх».

Структурны функцыяналізм Паводле функцыяналісцкага падыходу, індывіды ў грамадстве ўзаемадзейнічаюць падобна да органаў у арганізме, ствараючы эмерджэнтныя паводзіны, якія часам называюць калектыўнай свядомасцю. Сацыёлагі XIX стагоддзя, такія як Агюст Конт і Эміль Дзюркгейм, лічылі, што грамадства ўяўляе сабой асобны «ўзровень» рэчаіснасці, адрозны як ад біялагічнага, так і ад неарганічнага рэчыва. Таму тлумачэнні сацыяльных з’яў варта было шукаць менавіта на гэтым узроўні, а індывіды з’яўляюцца толькі часовымі носьбітамі параўнальна стабільных сацыяльных роляў.

Тэорыя канфлікту Тэарэтыкі сацыяльнага канфлікту прытрымліваюцца супрацьлеглага пункту гледжання і сцвярджаюць, што індывіды і сацыяльныя класы ўнутры грамадства ўзаемадзейнічаюць на аснове канфлікту, а не згоды. Адным з галоўных тэарэтыкаў гэтага кірунку з’яўляецца Карл Маркс. Ён разглядаў грамадства як сістэму, што дзейнічае на эканамічным «базісе» з «надбудовай» у выглядзе дзяржавы, сям’і, рэлігіі і культуры. Маркс сцвярджаў, што эканамічны базіс вызначае надбудову і што на працягу ўсёй гісторыі рухаючай сілай сацыяльных змен быў канфлікт паміж працоўнымі і ўласнікамі сродкаў вытворчасці.

Сімвалічны інтэракцыянізм Сімвалічны інтэракцыянізм — гэта мікрасацыялагічная тэорыя, якая факусуецца на індывідах і на тым, як яны ўзаемадзейнічаюць з грамадствам. Прыхільнікі гэтага падыходу вывучаюць, як людзі выкарыстоўваюць агульную мову для стварэння агульных сімвалаў і сэнсаў. Гэтая сістэма паняццяў выкарыстоўваецца для разумення таго, як індывіды, узаемадзейнічаючы, ствараюць сімвалічныя светы і, у сваю чаргу, як гэтыя светы фарміруюць паводзіны саміх індывідаў.

У другой палове XX стагоддзя тэарэтыкі пачалі разглядаць грамадства як сацыяльна выбудаванае. У гэтым ключы сацыёлаг Петэр Л. Бергер апісвае грамадства як «дыялектычны» працэс: грамадства ствараецца людзьмі, але гэтае тварэнне, у сваю чаргу, стварае або фарміруе саміх людзей.

Незаходнія канцэпцыі Сацыялагічны акцэнт на функцыяналізме, тэорыі канфлікту і сімвалічным інтэракцыянізме крытыкаваўся як еўропацэнтрычны. Напрыклад, малазійскі сацыёлаг Саед Фарыд аль-Атас сцвярджае, што заходнія мысляры ў першую чаргу цікавяцца наступствамі мадэрну, і таму іхні аналіз незаходніх культур абмежаваны ў сваёй паўнаце. Як прыклад незаходніх мысляроў, якія прымянялі сістэмны падыход да разумення грамадства, аль-Атас згадвае Ібн Хальдуна (1332—1406) і Хасэ Рысаля (1861—1896).

Ібн Хальдун, арабскі мысляр XIV стагоддзя, разглядаў грамадства, як і ўвесь сусвет, як сістэму, якая мае «асэнсаваную канфігурацыю», дзе ўяўная выпадковасць падзей тлумачыцца схаванымі прычынамі. Ён вылучаў дзве фундаментальныя формы сацыяльнай структуры: качавую і аселую. Качавое жыццё, на ягоную думку, адрозніваецца высокай сацыяльнай згуртаванасцю (asabijja «асабія»), якая, як сцвярджаў Хальдун, узнікае праз роднасныя сувязі, агульныя звычаі і неабходнасць сумеснай абароны. Аселае жыццё, з пункту гледжання Хальдуна, вызначалася секулярызацыяй, аслабленнем сацыяльнай згуртаванасці і ростам імкнення да раскошы.

Хасэ Рысаль — філіпінскі нацыяналіст, які жыў напрыканцы іспанскага каланіяльнага перыяду і распрацоўваў тэорыю каланіяльных грамадстваў. Рысаль сцвярджаў, што гультайства філіпінцаў, якое іспанцы выкарыстоўвалі для апраўдання сваёй каланіяльнай улады, насамрэч было выклікана самім каланіяльным рэжымам. Ён параўноўваў дакаланіяльную эпоху, калі філіпінцы кіравалі гандлёвыя шляхі і праяўлялі высокую эканамічную актыўнасць, з часам каланіяльнага праўлення і даказваў, што эксплуатацыя, эканамічны хаос і каланіяльная палітыка, якая перашкаджала развіццю сельскай гаспадаркі, прывялі да зніжэння цікавасці да працы.

Віды грамадства Сацыёлагі, як правіла, класіфікуюць грамадствы па ўзроўні іхняга тэхналагічнага развіцця, вылучаючы тры асноўныя катэгорыі: даіндустрыяльныя, індустрыяльныя і постіндустрыяльныя.

Далейшы падзел гэтых катэгорый можа вар’іравацца, але часцей за ўсё ён грунтуецца на ўзроўні тэхналогій, спосабах камунікацыі і тыпе эканомікі. Адным з прыкладаў такой класіфікацыі з’яўляецца тыпалогія сацыёлага Герхарда Ленскі, які вылучаў: 1) грамадствы паляўнічых і збіральнікаў; 2) садоўніцкія (агародніцкія); 3) аграрныя; і 4) прамысловыя (індустрыяльныя). Акрамя таго, ён згадваў і спецыялізаваныя грамадствы (напрыклад, рыбалоўныя або жывёлагадоўчыя).

З цягам часу некаторыя культуры развіваліся ў бок больш складаных форм арганізацыі і кіравання. Гэтая культурная эвалюцыя аказала глыбокі ўплыў на структуру супольнасцей. Плямёны паляўнічых-збіральнікаў з часам асядалі вакол сезонных крыніц ежы, ператвараючыся ў земляробчыя паселішчы. Вёскі вырасталі ў пасёлкі і гарады. Гарады станавіліся гарадамі-дзяржавамі і нацыянальнымі дзяржавамі. Аднак важна адзначыць, што гэтыя працэсы не з’яўляюцца аднанакіраванымі і незваротнымі.

Даіндустрыяльныя грамадствы У даіндустрыяльным грамадстве асноўнай эканамічнай дзейнасцю з’яўляецца вытворчасць ежы, што ажыццяўляецца з выкарыстаннем ручной і жывёльнай працы. Гэтыя грамадствы можна падзяліць на падтыпы ў залежнасці ад узроўню тэхналогій і спосабу здабычы пражытку. Да іх адносяцца грамадствы паляўнічых-збіральнікаў, жывёлагадоўчыя, садаводчыя і аграрныя.

Паляўнічыя-збіральнікі

Асноўнай спосабам вытворчасці ежы ў такіх грамадствах з’яўляецца штодзённы збор дзікарослых раслін і паляванне на дзікіх жывёл. Паляўнічыя-збіральнікі ўвесь час перамяшчаюцца ў пошуках ежы. Праз гэта яны не будуюць пастаянных паселішчаў і не ствараюць вялікай разнастайнасці артэфактаў. Неабходнасць мабільнасці таксама абмяжоўвае памер такіх грамадстваў, і яны звычайна ўтвараюць невялікія групы, такія як праабшчыны і плямёны, якія, як правіла, налічваюць менш за 50 чалавек.

Такія групы адносна эгалітарныя, і рашэнні ў іх прымаюцца на аснове агульнай згоды (кансэнсусу). У іх адсутнічаюць фармальныя палітычныя пасады, надзеленыя рэальнай уладай; правадыр з’яўляецца толькі ўплывовай асобай, а лідарства заснавана на асабістых якасцях. Сям’я з’яўляецца асноўнай сацыяльнай адзінкай, дзе большасць членаў звязаны роднаснымі сувязямі па нараджэнні або праз шлюб.