Літаратура ( — напісанае, ад lit(t)era — літара) — у шырокім сэнсе кожны пісьмовы тэкст.

Уся слоўная творчасць, зафіксаваная пісьмовым або друкарскім спосабам; адзін з відаў мастацтва — мастацтва слова. У шырокім значэнні літаратура — уся пісьменнасць агулам (тэхнічная, медыцынская, палітычная, рэлігійная, канцылярская, эпісталярная), у вузкім — толькі творы мастацкай пісьменнасці. Літаратура вылучаецца ў сістэме мастацкай культуры асаблівымі магчымасцямі глыбокага і рознабаковага адлюстравання жыцця і моцнага ўздзеяння на яго, а таксама асаблівай грамадскай значнасцю суб’екта творчасці.

Межы паняцця Найчасцей пад «літаратурай» разумеюць мастацкую літаратуру, то-бок літаратуру як від мастацтва. Аднак такое разуменне склалася ў эпоху рамантызму, яго не варта напрост ўжываць да культуры аддаленых ад цяперашняга часу эпох. Старажытныя навуковыя трактаты і рэлігійна-міфалагічныя творы — напрыклад, як «Тэагонія» Гесіёда або «Пра прыроду рэчаў» Лукрэцыя — з пункту гледжання сучаснікаў не супрацьпастаўляліся як немастацкая літаратура мастацкай, напрыклад, эпічным паэмам («Іліядзе» Гамера або «Энеідзе» Вергілія). Адлучэнне мастацкай літаратуры іншых перыядаў ад літаратуры рэлігійнай, філасофскай, навуковай, публіцыстычнай — праецыраванне сучасных ўяўленняў на мінулае.

Аднак, літаратура мае шэраг універсальных уласцівасцей, нязменных ва ўсіх нацыянальных культурах і на працягу ўсёй чалавечай гісторыі, хаця кожная з такіх уласцівасцей звязана з пэўнымі праблемамі і агаворкамі.

Да літаратуры адносяць аўтарскія тэксты (у тым ліку і ананімныя, то-бок такія, чый аўтар з розных прычын невядомы, і калектыўныя, то-бок напісаныя групай асоб — часам даволі шматлікай, як напрыклад у энцыклапедыях, але усё ж вызначанай. Тое, што тэкст належыць вызначанаму аўтару, створаны ім, важна ў гэтым выпадку не з юрыдычнага пункта гледжання (гл. аўтарскае права) і не з псіхалагічнага (аўтар як жывы чалавек, звесткі пра якога чытач можа паспрабаваць знайсці ў чытаным тэксце), а праз то, што наяўнасць у тэксту вызначанага аўтара забяспечвае яму завершанасць — аўтар ставіць кропку, пасля гэтага тэкст існуе сам па сабе. Гісторыя культуры ведае тыпы тэкстаў, якія існуюць паводле іншых правіл, — напрыклад, фальклорныя — праз адсутнасць аўтарства тэкст не завершаны, і той кожны, хто яго пераказвае або перапісвае, вольны рабіць змены, часам даволі значныя. Некаторыя запісы такога тэксту могуць быць звязаны з імем пісьменніка або навукоўца, які зрабіў запіс (напрыклад, «Народныя рускія казкі» Афанасьева), аднак такая літаратурная фіксацыя нелітаратурнага тэксту не скасоўвае магчымасці існавання іншых яго версій, і аўтару такога запісу належыць менавіта запіс, а не сама казка. З папярэдняй уласцівасцю звязана і другая — да літаратуры адносяць пісьмовыя тэксты і не адносяцца вусныя. Вусная творчасць гістарычна папярэднічае пісьмовай і раней, у адрозненне ад пісьмовай, не паддавалася фіксацыі. Фальклор заўсёды быў вусным (аж да XIX ст., калі пачалі з’яўляцца яго пісьмовыя формы — напрыклад, дзявочыя альбомы). У сучаснасці вядомы, аднак, пераходныя і памежныя выпадкі. Так, у нацыянальных культурах, якія ажыццявілі ў XX стагоддзі вялікі скачок у развіцці, былі або ёсць казачнікі, якія займаюцца вуснай (вершаванай, на мяжы песні) творчасцю, — раней такія песні сыходзілі б у фальклор і існавалі ў ім, змяняліся і развіваліся ў вуснах іншых выканаўцаў, аднак у найноўшы час творы, напрыклад Джамбула, фіксуюць пісьмова адразу па стварэнні і таму існуюць як літаратурныя. Іншы спосаб ператварэння вуснай творчасці ў пісьмовую — так званы «літаратурны запіс». Да літаратуры адносяць тэксты, матэрыял якіх складаецца выключна са слоў чалавечай мовы, і не адносяць тэксты сінтэтычныя і сінкрэтычныя, то-бок такія, дзе слоўны кампанент не можа быць адарваны ад музычнага, візуальнага або любога іншага. Песня або опера самі па сабе не часткі літаратуры. Калі песня напісана кампазітарам на раней напісаны паэтам тэкст, то праблемы няма; у XX ст., аднак, зноў шырока распаўсюдзілася старажытная традыцыя, калі адзін аўтар стварае адразу слоўны тэкст і музыку і, звычайна, сам спявае і (або) іграе твор. Пытанне, наколькі правамерна здабываць з атрыманага сінтэтычнага твора толькі слоўны кампанент і разглядаць яго як самастойны літаратурны твор, застаецца дыскусійным. У шэрагу выпадкаў сінтэтычныя творы ўсё ж успрымаюць і кваліфікуюць як літаратурныя, калі няслоўных элементаў у іх адносна няшмат (напрыклад, знакамітая «загагуліна» ў «Прыгодах Трыстрама Шэнді» Лорэнса Стэрна або малюнкі ў вядомай дзіцячай кнізе Сінкен Хоп «Чароўная крэйдачка») або іх роля прынцыпова падпарадкаваная (як роля формул у матэматычнай, хімічнай, фізічнай літаратуры, нават калі яны і займаюць большую частку тэксту). Часам, аднак, месца дадатковых візуальных элементаў у літаратурным тэксце настолькі вялікае, што разглядаць яго як чыста літаратурны з навуковага пункта гледжання ўжо цяжка, найбольш вядомы з такіх тэкстаў — казка Сэнт-Экзюперы «Маленькі прынц», важная частка якога аўтарскія малюнкі.

Усім тром названым крытэрыям не зусім адпавядаюць некаторыя старажытныя тэксты, якія традыцыйна разумеюць як літаратурныя, — напрыклад, «Іліяда» і «Адысея»: імавернаБогаевский Б. Гомер // Литературная энциклопедия: В 11 т. — [М.]: Изд-во Ком. Акад., 1929. — Т. 2. — Стб. 599—603., што Гамер не быў аўтарам гэтых дзвюх паэм, а іх тэксты склаліся са старажытнагрэчаскага фальклору, які спявалі казачнікі як песні. Аднак пісьмовая фіксацыя гэтых тэкстаў у іх завершаным варыянце адбылася настолькі даўно, што такі традыцыйны падыход можна лічыць апраўданым.

Ёсць яшчэ адзін крытэрый, які адносяць ужо не да структуры літаратурных тэкстаў, а да іх функцыі.

Да літаратуры адносяць тэксты, якія маюць сацыяльнае значэнне або разлічаны на то, каб яго мець. То-бок не разглядаюць як літаратуру прыватную і службовую перапіску, асабістыя дзённікі, школьныя сачыненні і падобнае. Гэты крытэрый здаецца простым і відавочным, але на праўдзе мае шэраг цяжкасцяў. З аднаго боку, асабістая перапіска можа стаць фактам літаратуры (мастацкай або навуковай), калі яе вядуць значныя аўтары — таму зборы твораў і пісьменнікаў, і навукоўцаў уключаюць раздзел лістоў, у лістах часам змешчаны важныя і каштоўныя для літаратуры і навукі звесткі; тое сама тычыцца і школьных твораў будучых пісьменнікаў, навукоўцаў, палітыкаў: яны заднім чыслом могуць быць уцягнутыя ў прастору літаратуры, адкрываючы з нечаканых бакоў пазнейшую творчасць сваіх аўтараў (так, у казцы, напісанай па школьным заданні 14-гадовым Сэнт-Экзюперы, знаходзяць перакліканне з «Маленькім прынцам»). Больш таго, у некаторых выпадках пісьменнікі, філосафы, публіцысты наўмысна ператвараюць прыватную перапіску або дзённік у факт літаратуры: пішуць іх з разлікам на старонняга чытача, публічна зачытваюць урыўкі, выдаюць друкам і іншымі спосабамі. З іншага боку, застаецца праблематычным статус мастацкай творчасці аўтараў-дылетантаў, чые тэксты застаюцца здабыткам іх саміх і вузкага кола іх сяброў і знаёмых: ці правамерна разглядаць як з’яву літаратуры вершаванае віншаванне, складзенае групай службоўцаў да дня нараджэння свайго начальніка? Новыя складанасці што да гэтага ўзніклі са з’яўленнем інтэрнэту і распаўсюджаннем сайтаў са свабоднай публікацыяй, дзе свае творы можа публікаваць кожны ахвочы. Сучасныя навукоўцы (напрыклад, французскі сацыёлаг П’ер Бурдзье і яго паслядоўнікі) спрабуюць апісаць сацыяльныя механізмы, якія вызначаюць літаратуру, мастацтва, навуку і адмяжоўваюць іх ад дылетанцкай дзейнасці рознага роду, але прапанаваныя імі схемы не агульнапрынятыя і застаюцца прадметам жорсткай дыскусіі.

Класіфікацыі літаратуры

Прынцыпы і крытэрыі Звычайна вылучаюць паводле зместу — мастацкую (падзяляецца на вусна-паэтычную творчасць (фальклор) і пісьмовую), інфармацыйна-даведачную і навукова-тэхнічную літаратуру, паводле прызначэння — навучальную, тэхнічную, публіцыстычную і іншыя літаратуры, паводле крыніц — арыгінальную і перакладную літаратуру.

Аднак, строга трымацца прынцыпу адзінага крытэрыя пры класіфікацыі літаратуры цяжка. Таксама класіфікацыя можа ўводзіць у зман, можа аб’ядноўваць непадобныя і абсалютна розныя з’явы. Часта тыпалагічна розныя тэксты адной эпохі значна бліжэйшыя адзін да аднаго, чым тыпалагічна аднолькавыя тэксты розных эпох і культур — у Платонавых «Дыялогаў», якія ляжаць у аснове еўрапейскай філасофскай літаратуры, значна болей агульнага з іншымі помнікамі старажытнагрэцкай славеснасці (напрыклад, з Эсхілавымі драмамі), чым з працамі філосафаў Новага часу, Гегеля або Расела. Лёс некаторых тэкстаў складаецца такім чынам, што ствараліся яны у межах аднаго віду літаратуры, а з часам аказваюцца бліжэй да іншага віду, напрыклад, «Падарожжы Гулівера», напісаныя Джонатанам Свіфтам, чытаюцца цяпер хутчэй як твор дзіцячай літаратуры, а пісаліся не проста як твор мастацкай літаратуры для дарослых, але як вострасацыяльны памфлет са знайчнай роляй публіцыстычнасці. Таму пералік асноўных відаў літаратуры можа быць толькі арыенціровачны, а пэўная структура літаратурнай прасторы вызначаецца толькі ў адносінах да нейкай пэўнай культуры і пэўнага перыяду. Для ўжытку, аднак, гэтыя цяжкасці не маюць прынцыповага значэння, таму практычныя патрэбы кніжнага гандлю і бібліятэк забяспечваюць даволі разгалінаваныя, хоць і павярхоўныя сістэмы бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі.

Мастацкая літаратура Мастацкая літаратура — від мастацтва, які ўжывае як адзіны матэрыял словы і канструкцыі натуральнай (пісьмовай) чалавечай мовы. Спецыфіка мастацкай літаратуры выяўляецца ў супастаўленні, з аднаго боку, з відамі мастацтва, якія ўжываюць іншыя матэрыялы замест моўнага (музыка, выяўленчае мастацтва) або разам з ім (тэатр, кіно, песня), з другога боку — з іншымі тыпамі слоўнага тэксту: філасофскім, публіцыстычным, навуковым і іншымі. Акрамя таго, мастацкая літаратура, як і іншыя віды мастацтва, аб’ядноўвае аўтарскія (у тым ліку і ананімныя) творы ў адрозненне ад твораў фальклору, якія прынцыпова не маюць аўтара.

Дакументальная проза Дакументальная проза — від літаратуры, для якога характэрна пабудова сюжэтнай лініі выключна на рэальных падзеях, з рэдкімі ўкрапваннем мастацкай выдумкі. Дакументальная проза ўключае біяграфіі выдатных людзей, гісторыі падзей, краіназнаўчыя апісанні, расследаванні злачынстваў.

Мемуарная літаратура Мемуары — запіскі сучаснікаў, ўдзельнікаў пра мінулыя падзеі. Важная асаблівасць мемуараў — устаноўка аўтараў на «дакументальны» характар тэксту, які прэтэндуе на дакладнасць узнаўлення мінулага.

Навуковая і навукова-папулярная літаратура Навуковая літаратура — сукупнасць пісьмовых прац, якія створаны як вынікі даследаванняў, тэарэтычных абагульненняў, зробленых у межах навуковага метаду. Навуковая літаратура прызначана для інфармавання навукоўцаў і спецыялістаў пра апошнія дасягненні навукі, а таксама для замацавання прыярытэту на навуковыя адкрыцці. Звычайна, навуковая праца не лічыцца завершанай, калі яна не апублікавана.