Эльжбе́та Смулко́ва (поўнае імя афіцыйна Яніна Эльжбета Смулэк, нар. Баран; , у навуковых публікацыях пераважна Elżbieta Smułkowa; нар. , Львоў) — польская мовазнаўца, славістка і беларусістка, даследчыца дыялекталогіі, фанетыкі, фаналогіі, акцэнталогіі, сацыялінгвістыкі, этналінгвістыкі і моўных кантактаў. Прафесар-эмерыт Варшаўскага ўніверсітэта, адна з даследчыц польска-беларуска-літоўскага моўнага пагранічча і беларускай дыялекталогіі ў Польшчы. Першы генеральны консул Польшчы ў незалежнай Беларусі (1991—1992) і першы пасол Польшчы ў Беларусі (1992—1995).
Біяграфія
Паходжанне, дзяцінства і дэпартацыя Нарадзілася 24 чэрвеня 1931 года ў Львове ў сям'і настаўніцы Яніны Баран і інжынера-лесавода Казімежа Леана Барана (1902—1940), які перад вайной займаў пасаду намесніка дырэктара Дырэкцыі дзяржаўных лясоў у Львове. Малодшым братам яе бацькі быў польскі тэатразнавец, эсэіст і літаратурны крытык Тымон Тэрлецкі.
У ноч з 22 на 23 сакавіка 1940 года Казімеж Баран быў арыштаваны супрацоўнікамі НКУС у сямейнай кватэры ў Львове. Яго далейшы лёс доўгі час заставаўся невядомым; толькі пасля апублікавання ў 1994 годзе так званага ўкраінскага катынскага спіса сям'я атрымала пацвярджэнне, што ён быў адной з ахвяр савецкіх рэпрэсій 1940 года. Яго імя ўшанавана на Польскіх ваенных могілках у Быкаўні пад Кіевам.
22 мая 1941 года Эльжбету разам з маці і малодшай сястрой Марыяй дэпартавалі са Львова ў СССР. Сям'я трапіла ў Нарымскі край у тайгу над ракой Васюган, прытокам Об. Пазней яны жылі таксама ў іншых месцах СССР, у тым ліку на поўначы Каўказа; вясной 1946 года маці з дзвюма дочкамі вярнулася ў Польшчу і пасялілася ў Торуні.
У Торуні Смулкова працягнула сярэднюю адукацыю. У 1951 годзе паступіла на аддзяленне польскай і славянскай філалогіі Універсітэта Мікалая Каперніка, якое скончыла ў 1955 годзеАксамітаў А. С. Смулкова Яніна Эльжбета // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2002. — С. 62—63.. Яе магістарская праца была прысвечана польска-беларускім моўным сувязям; навуковым кіраўніком была славістка Галіна Турская.
У 1952 годзе выйшла замуж за Віктара Смулэка (1926—2015) і прыняла прозвішча мужа; у навуковай дзейнасці замацавалася жаночая польская форма прозвішча Smułkowa.
Пачатак навуковай працы Яшчэ падчас вучобы ў Торуні Смулкова далучылася да палявых даследаванняў беларускіх гаворак паўночна-ўсходняй Польшчы. У гэты час яна пазнаёмілася з Антанінай Абрэмбскай-Яблонскай, якая арганізоўвала даследаванні для будучага Atlasu gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny і ў 1956 годзе заснавала ў Варшаўскім універсітэце кафедру беларускай філалогіі.
У 1957 годзе Смулкова пераехала ў Варшаву і пачала працаваць у Варшаўскім універсітэце. Адначасова ў 1957—1961 гадах працавала ў Інстытуце славяназнаўства Польскай акадэміі навук. Абрэмбская-Яблонская стала яе асноўнай навуковай настаўніцай у варшаўскі перыяд; сама Смулкова пазней неаднаразова пісала пра яе навуковую метадалогію і ролю ў станаўленні польскай беларусістыкі.
У пачатковы перыяд кафедра цесна супрацоўнічала з беларускімі навуковымі ўстановамі. У выкладанні і падрыхтоўцы маладых польскіх беларусістаў удзельнічалі, між іншым, Мікалай Бірыла і Аркадзь Жураўскі; паводле ўспамінаў самой Смулковай, пад кіраўніцтвам Абрэмбскай-Яблонскай і пры дапамозе беларускіх калег фарміраваліся яе ўласныя навуковыя кампетэнцыі і кампетэнцыі Аляксандра Баршчэўскага.
У 1965 годзе Смулкова атрымала ступень доктара на падставе даследавання земляробчай лексікі гаворак усходняй Беласточчыны. Праца была апублікавана ў 1968 годзе як двухчасткавая манаграфія Słownictwo z zakresu uprawy roli w gwarach wschodniej Białostocczyzny na tle wschodniosłowiańskim: першая частка змяшчала даследаванне, другая — 56 карт.
У 1976 годзе прайшла габілітацыю на падставе даследавання беларускай акцэнталогіі, апублікаванага ў 1978 годзе пад назвай Studia nad akcentem języka białoruskiego. Rzeczownik. З 1988 года — прафесар Варшаўскага ўніверсітэта.
Варшаўскі і беластоцкі перыяды У 1971—1975 гадах Смулкова змяніла Антаніну Абрэмбскую-Яблонскую на пасадзе кіраўніцы аддзялення, тады Заклада беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. У 1978—1981 гадах была намесніцай дэкана па студэнцкіх справах факультэта русістыкі, славістыкі і прыкладной лінгвістыкі, а ў 1987—1990 гадах — намесніцай дэкана па навуковай працы факультэта паланістыкі.
У 1988—1996 гадах працавала прафесарам кафедры агульнага мовазнаўства Варшаўскага ўніверсітэта. У 1978—1991 гадах узначальвала Мовазнаўчую камісію Беластоцкага навуковага таварыства. У 1997—2002 гадах была кіраўніцай кафедры беларускай культуры Універсітэта ў Беластоку.
Пазней працавала ў Цэнтры даследаванняў антычнай традыцыі ў Польшчы і Цэнтральна-Усходняй Еўропе і ў Інстытуце міждысцыплінарных даследаванняў «Artes Liberales» Варшаўскага ўніверсітэта. Мае статус прафесара-эмерыта Варшаўскага ўніверсітэта; яе сучасныя навуковыя інтарэсы ў акадэмічных профілях вызначаюцца як беларуская мова і яе дыялекты, параўнальнае славянскае мовазнаўства, польска-беларуска-літоўскае моўнае пагранічча і сацыя- і этналінгвістыка.
Дыпламатычная служба У 1991 годзе польскае Міністэрства замежных спраў прапанавала Смулковай узначаліць новую дыпламатычную місію ў Беларусі. Кандыдатуру даследчыцы, якая шмат гадоў займалася Беларуссю, ведала беларускую мову і мела шырокія кантакты ў беларускім навуковым асяроддзі, прапанаваў заснавальнік Цэнтра ўсходніх даследаванняў Марэк Карп.
З 12 верасня 1991 да 7 мая 1992 года Смулкова была генеральным консулам Рэспублікі Польшча ў Беларусі, пасля — часовым павераным у справах, а з 11 верасня 1992 да 30 верасня 1995 года — першым надзвычайным і паўнамоцным паслом Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь. У час яе дыпламатычнай місіі паміж Польшчай і Беларуссю было заключана каля 40 двухбаковых пагадненняў; 23 чэрвеня 1992 года быў падпісаны Дагавор паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве.
Пасля заканчэння дыпламатычнай службы Смулкова працягнула ўдзельнічаць у польска-беларускім навуковым і грамадскім дыялогу, выступала на канферэнцыях, у публічных дыскусіях і СМІ па пытаннях Беларусі і польска-беларускіх адносін.
Сям'я Бацькі — настаўніца Яніна Баран і інжынер-лесавод Казімеж Леан Баран. Малодшая сястра Марыя Тарасюк стала хімікам; сёстры разам удзельнічалі 21 верасня 2012 года ў адкрыцці Польскіх ваенных могілак у Быкаўні, дзе ўшанавана памяць іх бацькі.
У 1952 годзе Эльжбета выйшла замуж за Віктара Смулэка (1926—2015). У сваіх успамінах Смулкова апісвала як гісторыю ўласнай сям'і, так і лёсы львоўскага асяроддзя, савецкую дэпартацыю і гісторыю бацькі.
Навуковая дзейнасць
Беларуская дыялекталогія і лексікалогія Адным з асноўных кірункаў ранніх даследаванняў Смулковай былі ўсходнеславянскія, перадусім беларускія, гаворкі Беласточчыны і іх сувязі з гаворкамі Беларусі. Яна даследавала земляробчую лексіку, лексічную і словаўтваральную дыферэнцыяцыю беларускіх гаворак, міждыялектную інтэрферэнцыю, літуанізмы ў беларускай сельскагаспадарчай лексіцы і лексічныя паралелі паміж усходняй Беласточчынай і беларускім ПалессемБеларускае мовазнаўства: Бібліяграфічны паказальнік (1966—1975) / склад. А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1980..
Сярод яе ранніх прац — Szkic systemów fonologicznych ruskich gwar Białostocczyzny wschodniej (1968), Przykłady interferencji międzydialektalnej w dziedzinie słownictwa (1969), «Гаворкі ўсходняй Беласточчыны ў святле лексічных даследаванняў» (1972). Сумесна з Ліліяй Выгоннай даследавала семантычнае расслаенне беларускай земляробчай лексікі і лексічныя паралелі беларускіх гаворак паўночна-ўсходняй Польшчы і Прыпяцкага Палесся.
Смулкова ўдзельнічала ў выпрацоўцы канцэпцыі, зборы матэрыялаў і падрыхтоўцы шматтомнага Atlasu gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny, першыя тры тамы якога выйшлі ў 1980—1993 гадах. Яна ўдзельнічала таксама ў працы над «Слоўнікам беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» ў пяці тамах (1979—1986).
Пад навуковым кіраўніцтвам Смулковай быў падрыхтаваны Słownik nazw terenowych północno-wschodniej Polski — двухтомны слоўнік мікратапонімаў паўночна-ўсходняй Польшчы, выдадзены ў 1992 годзе; асобны індэкс дыялектных назваў выйшаў у 1995 годзе.
Беларуская акцэнталогія, фанетыка і фаналогія Другім важным кірункам даследаванняў стала акцэнталогія. Манаграфія Studia nad akcentem języka białoruskiego. Rzeczownik (1978) была прысвечана сістэме націску беларускага назоўніка; да гэтай жа праблематыкі адносіцца артыкул «Да пытання аб прадказальнасці ўсходнеславянскага націску» (1976).
У 1988 годзе разам з Валерыем Чэкманам Смулкова апублікавала ў Варшаве манаграфію Fonetyka i fonologia języka białoruskiego z elementami fonetyki i fonologii ogólnej. У кнізе сістэматычна разгледжаны артыкуляцыйныя і акустычныя характарыстыкі беларускіх галосных і зычных, фаналагічная сістэма беларускай мовы, рэалізацыя ненаціскных галосных, аканне і яканне, а таксама шэраг праблем літаратурнага і дыялектнага вымаўлення.
Моўныя кантакты і пагранічча З часам цэнтральнае месца ў працах Смулковай заняла праблематыка шматмоўнага польска-беларуска-літоўскага пагранічча. Яна вывучала моўныя кантакты не толькі як узаемнае запазычанне асобных элементаў, але і як сацыяльны працэс, звязаны з двухмоўем і шматмоўем, этнічнай і канфесійнай ідэнтычнасцю, выбарам мовы ў розных камунікатыўных сітуацыях і доўгатэрміновай канвергенцыяй суседніх моў.
Смулкова распрацоўвала метадалогію даследавання моўных паграніччаў, удакладняла паняцці пераходных і змяшаных гаворак і аналізавала сучасную моўную канвергенцыю як вынік працяглых кантактаў, інтэрферэнцыі і запазычанняў. Гэтай праблематыцы прысвечаны, між іншым, працы O polsko-białoruskich związkach językowych w aspekcie czasowym i terytorialnym (1988), Belaruska-litoŭska-pol'skae etnalingvistyčnae pagraničča. Sučasnyja problemy (1993), Pogranicze językowe jako przedmiot współczesnej dialektologii, Pojęcie gwar przejściowych i mieszanych na polsko-białorusko-ukraińskim pograniczu językowym і Badanie pograniczy językowych — uwagi metodologiczne.
Вынікам шматгадовых даследаванняў стала кніга Białoruś i pogranicza. Studia o języku i społeczeństwie (2002), у якой сабраны працы па беларускай акцэнталогіі, фанетыцы, фаналогіі, марфалогіі і лексікалогіі, а таксама па камунікацыі ва ўмовах грамадскага шматмоўя.
У 2000-я гады Смулкова кіравала комплексным даследаваннем Браслаўшчыны, якое спалучала гісторыю рэгіёна, сацыялінгвістыку, вусныя сведчанні жыхароў і даследаванне лексікі двухмоўнага насельніцтва. Вынікам сталі два тамы Brasławszczyzna. Pamięć i współczesność: Słownictwo dwujęzycznych mieszkańców rejonu (Słownik brasławski) (2009) і Historia regionu. Charakterystyka socjolingwistyczna. Świadectwo mieszkańców (2011).
Іншыя кірункі беларусістыкі Смулкова вывучала беларускія элементы ў польскай культурнай і літаратурнай традыцыі. У працы Elementy białoruskie w twórczości A. Mickiewicza даследавала беларусізмы і рэгіянальныя элементы ў мове Адама Міцкевіча.
Значнае месца ў яе пазнейшых даследаваннях займае гісторыя польскай і беларускай славістыкі і навуковых кантактаў. Разам з Міхалам Скаржыньскім падрыхтавала двухчасткавае выданне перапіскі Казімежа Ніча і Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай за 1925—1958 гады (2018). У артыкуле O czym świadczą białoruscy korespondenci Antoniny Obrębskiej-Jabłońskiej? (2019) на падставе неапублікаваных лістоў беларускіх вучоных даследавала гісторыю польска-беларускага супрацоўніцтва ў мовазнаўстве, абмен публікацыямі, навуковыя стажыроўкі і сумесныя праекты.
Уклад у развіццё беларусістыкі і балтыстыкі