Саскуэха́нцы (, )  — індзейскі народ Паўночнай Амерыкі, што насяляў у XVII ст. даліну ракі Саскуэхана.

Гісторыя Археолагі фіксуюць прыход саскуэханцаў у даліну ракі Саскуэхана сярэдзінай XVI ст. Мяркуюць, што дагэтуль яны насялялі землі на паўночных захадзе, але былі адсунуты ў выніку войн з іракезамі. Ужо посля перасялення саскуэханцы нанеслі паражэнне магаўкам.

У пачатку XVII ст. саскуэханцы ўяўлялі сабою канфедэрацыю з 5 плямён. Агульная колькасць магла дасягаць 5 - 7 тысяч чалавек, якія насялялі 20 вёсак. Падтрымлівалі саюзныя адносіны з магіканамі. Асноўнымі заняткамі былі земляробства, збіральніцтва і паляванне. Захаваліся прадметы іх арыгінальнай керамікі. Размаўлялі на адной з іракезскіх моў. Капітан Джон Сміт, які сустрэўся з саскуэханцамі ў 1608 г., апісваў іх як вельмі высокіх. Паўхатан лічылі іх людаедамі.

З 1615 г. саскуэханцы актыўна кантактавалі з французскімі, галандскімі, пазней англійскімі і шведскімі каланістамі. Паколькі галандцы падтрымлівалі іх ворагаў-іракезаў, саюзныя адносіны з французамі першапачаткова мелі перавагу. У 1642 - 1644 гг. саскуэханцы мелі ўзброены канфлікт з англійскімі пасяленцамі ў Мэрылендзе, але гандаль з англічанамі і саслабленне алганкінаў у выніку англійскай каланізацыі ўсходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі спрыялі пашырэнню іх тэрыторый на поўдзень. З 1640-х гг. падтрымлівалі шчыльныя кантакты з шведскімі каланістамі. Шведскія місіянеры зрабілі запісы мовы саскуэханцаў.

У 1650 г. саскуэханцы ўступілі ў новую вайну з іракезамі. У 1651 г. магаўкі ўварваліся ў даліну ракі Саскуэхана, дзе сустрэлі моцны адпор. Саскуэханцы былі добра ўзброены, адна з вёсак нават мела гармату. Аднак у 1653 г. іракезы перарвалі іх зносіны з французамі, а галандцы адмовіліся прадаваць агнястрэльную зброю і прыпасы. У 1655 г. галандцы захапілі шведскую калонію. У 1656 г. саскуэханцы былі вымушаны дамаўляцца з магаўкамі аб міры. Падчас вайны яны моцна пацярпелі ад эпідэміі воспы.

У 1663 пачаўся яшчэ адзін зацяжны канфлікт з іракезамі. На першых парах, саскуэханцы атрымоўвалі дапамогу ад англічан, але пасля захопу Нью-Ёрка англійскія калоніі сфарміравалі асабісты саюз з іракезамі. Да 1669 г. у саскуэханцаў засталося толькі 300 воінаў, але, калі яны звярнуліся да іракезаў з прапановай аб міры, іх пасла забілі. У 1675 г. іракезы здолелі выгнаць рэшткі саскуэханцаў з іх тэрыторый. Бежанцы сутыкнуліся з адпорам англійскіх пасяленцаў і ў выніку ў 1676 г. частка перасялілася ў Паўночную Караліну, дзе змяшалася з тускарора, а частка здалася ў палон магаўкам і анейда.

У XVIII ст. квакеры заснавалі ў Пенсільваніі вёску індзейцаў-хрысціян Канестога. Сярод яе жыхароў было 20 нашчадкаў саскуэханцаў. Падчас паўстання Пантыяка яны былі забіты англійскімі пасяленцамі.

Гл. таксама Масачусет Маскутэн Нейтраль Петунь Эры Венро

Спасылкі Francis Jennings, Glory, Death, and Transfiguration: The Susquehannock Indians in the Seventeenth Century SUSQUEHANNOCK HISTORY The Face Pot: The distinctive pottery of the Susquehannock Indians

Катэгорыя:Зніклыя народы Амерыкі Катэгорыя:Іракезамоўныя народы Катэгорыя:Індзейцы Паўночнай Амерыкі