Мова () — раман у жанры антыўтопіі беларускага пісьменніка і журналіста Віктара Марціновіча, выдадзены ў 2014 годзе.
Мае падзагаловак «Проста стойце побач: да вас падыдуць». Раман стаў чацвёртым буйным творам Марціновіча і другім — напісаным ім беларускай мовай. Паводле аўтарскага меркавання, твор можна аднесці да жанру «сацыяльнай фантастыкі» ці «лінгвістычнага баевіка». Першая аўтограф-сесія з нагоды публікацыі рамана адбылася 10 верасня 2014 года ў Мінску, а першая паўнавартасная прэзентацыя — 23 верасня 2014 года ў Віцебску.
Гісторыя стварэння Марціновіч працаваў над раманам каля трох-чатырох гадоў. Працэс роздуму запусціў допіс беларускай пісьменніцы Марыі Мартысевіч, у якім яна параўнала ўмовы гандлю беларускай літаратурай з наркагандлем. «Кнігу беларускую сёння ў горадзе знайсці гэтаксама складана, трэба шукаць бункер ці дылера. Гэты допіс запусціў працэс роздумаў, які цягнуўся каля трох-чатырох гадоў. Паступова нараджаўся сюжэт. Можна сказаць, гэта самы прадуманы з маіх сюжэтаў», — сцвярджаў сам Марціновіч. Нягледзячы на прыгодніцка-дэтэктыўны сюжэт, аўтар паспрабаваў сабраць у рамане сваё «разуменне багажу праблем, звязаных з нашай ідэнтычнасцю, з культурай, мовай і гісторыяй. З тутэйшасцю, з правінцыйнасцю, з гатоўнасцю адмовіцца ад свайго».
Тыпалогія «мовы» Мова ў рамане Марціновіча з’яўляецца наркотыкам з класы «несубстанцыйных псіхатропаў»Тут і далей пазначаны старонкі з выдання: (с. 67, с. 161), які ўздзейнічае непасрэдна на псіхіку без выразнай шкоды для цела (с. 13). Ужыванне мовы мае вынікам згубу прасторавай і часавай арыентацыі, візуальныя і слыхавыя галюцынацыі з выразным этнаграфічным эфектам. У адным з месцаў рамана аўтар акрэслівае мову як «адзіны нематэрыяльны наркотык, які ўздзейнічае на тутэйшых людзей», беларусаў (с. 69), у іншым — удакладняе, што мова не дзейнічае на жыхароў за межамі края, напрыклад, на тых, «хто жыве ў Маскве ці Новасібірску» (с. 162).
Распаўсюджанне мовы адбываецца з дапамогай адмысловых «скруткаў» — надрукаваных ці напісаных цытат з розных літаратурных твораў. Меркавана, уздзеянне мовы на псіхіку адбываецца праз прачытанне незвычайных «псіхадэлічных» зваротаў, сінтаксічных спалучэнняў, непаўторных лексіка-граматычных адзінак, якія сустракаюцца ў скрутках. Дасягненне паўторнага эфекту патрабуе павелічэння моўнай дозы (с. 129), то бок, большай колькасці прачытанага тэксту. Пры гэтым, паўторнае прычытанне аднаго і таго ж скрутку не дае ранейшага эфекту (с. 62).
Скруткі з моваю бываюць рознай якасці і даўжыні, а самымі дарагімі лічацца скруткі з цэлых старонак друкаваных выданняў. Распаўсюджваннем мовы займаюцца арганізаваныя групоўкі кітайцаў, цыган і індывідуальных гандляроў («дылераў»). За ўжыванне мовы артыкулам 264 Крымінальнага кодэкса Саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі прадугледжана зняволенне да 10 год, за продаж — смяротнае пакаранне (с. 35-40). Выкананне заканадаўства ў сферы распаўсюджванню наркотыкаў (у тым ліку мовы) забяспечвае «Дзяржнаркакантроль».
Эпіграф У якасці эпіграфу да рамана ўжытая цытата з артыкула французскага філосафа Ралана Барта «Рыторыка вобраза» (1964), які прысвечаны аналізу візуальнага вобраза як знакава-камунікацыйнай сістэмы: …прычым любы падобны слоўнік, якой бы ні была яго глыбіня, уяўляе сабой код. Паколькі сама нашая псіхея (як цяпер лічаць) структураваная так, як мова. Мала таго, чым глыбей мы апускаемся ў нетры чалавечай псіхікі, тым болей разрэджанымі робяцца прабелы паміж знакамі Паводле Барта, разуменне назіральнікам пэўнага візуальнага вобраза залежыць ад культурнага кода, да якога далучаны суб’ект назірання, ад тыпаў ведаў, якія ён праектуе на выяву, і якія, разам з тым, шчыльна звязаныя з яго штодзённай практыкай, нацыянальнай прыналежнасцю, культурным і эстэтычным узроўнем: «Выява можа быць па-рознаму прачытана некалькімі рознымі суб’ектамі <…> і адна і тая ж лексыя можа мабілізаваць адрозныя слоўнікі»Р. Барт Рыторыка вобраза. Русский филологический портал. Адпаведна, «мова» ў рамане выступае для беларусаў (так званых «карэнных жыхароў Паўночна-Заходніх тэрыторый») асаблівым суплётам знакаў ці кодам, які толькі ў іх адных выклікае адмысловую эйфарыю, не здольную праявіцца ў астатніх грамадзян Саюзнай дзяржавы.
Сюжэт Падзеі адбываюцца ў 2044 годзе (ці ў 4741 — паводле кітайскага календара), у Мінску, які знаходзіцца на Паўночна-Заходніх тэрыторыях Саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі. Сюжэт грунтуецца на двух паралельных наратывах — кантрабандыста і наркагандляра Сяргея («барыгі») і неназванага наркамана («джанкі»), якія сустракаюцца толькі ў канцы рамана.
Барыга Сяргей завозіць у Саюзную дзяржаву з Еўропы наркатычны сродак («мову»), які знаходзіцца пад строгай забаронай. Пасля адной з удалых паездак за мяжу па мову на Сяргея адбываецца незвычайны напад. Двух кітайцаў на матацыкле з дапамогай вуды спрабуюць адабраць у яго заплечнік, аднак няўдала: леска рвецца, кручок застаецца ў тканіне заплечніка, а сам Сяргей атрымлівае моцныя пашкоджанні пасля падзення на асфальт. Праз пэўны час ён разумее, што ў заплечніку быў схаваны незвычайны скарб: падкладзены кімсьці ў Варшаве зборнік санетаў на «мове» невядомага Сяргею Уільяма ШэкспіраПаводле аўтарскага апісання можна ідэнтыфікаваць гэту кнігу як выданне: . Далей высвятляецца, што кнігу яму падклаў прадстаўнік трыяд «Светлы шлях» — мінскага філіяла кітайскага крымінальнай арганізацыі, якая спрабуе кантраляваць распаўсюджанне наркотыку на Паўночна-Заходніх тэрыторыях. Трыяды выходзяць на Сяргея, спрабуючы ціхамірна забраць кнігу, якую, як яны мяркуюць, Сяргей хавае ў сваёй кватэры. Аднак, калі яны вяртаюцца з гаспадаром па кнігу, у доме Сяргея адбываецца выбух і нішчыць усю яго маёмасць. Трыяды ўпэўнены ў знішчэнні кнігі, таму проста адвозяць Сяргея да Цёткі — беларускай намесніцы Паўночна-Заходніх тэрыторый, якая стала адным з кіраўнікоў трыядаў пасля перамір’я, дасягнутага паміж імі і беларускім узброеным супрацівам.
Цётка тлумачыць Сяргею сапраўднае значэнне мовы і прычыны яе незвычайнага ўздзеяння на мясцовы люд. Уласна, асноўным матывам Цёткі атрымаць кнігу з санетамі было жаданне даведацца забытых беларускіх словаў, а перадусім — трэцяга слова для азначэння адносін паміж мужчынам і жанчынай, асаблівага сіноніма да паняццяў «кахання» і «любові», ужытага калісьці выдатным перакладчыкам і паэтам Уладзімірам Дубоўкам. З цягам часу гэта слова знікла з беларускай лексікі, якая, па словах Цёткі, была ўсцяж «прарэджаная з кулямётаў забароны» (с. 171) расійска-кітайскімі ўладамі.
Мінскія трыяды спрабуюць адрадзіць беларускую мову, і іх высілкі знаходзяць водгук у Сяргеевым сэрцы. Праз пэўны час ён адмаўляецца гандляваць мовай, а яго сустрэчы з Цёткай пачашчаюцца. Сяргей трымае ў таямніцы, што кнігу яму ўдалося захаваць, бо яна заўсёды была пры ім у заплечніку. Ён робіць выгляд, што спрабуе па памяці ўзнавіць невядомыя словы, каб заставацца цікавым Цётцы, якая яму, відавочна, падабаецца.
Трыяды даведваюцца, што ў хуткім часе ўлады рыхтуюць наступ на іх падполле, таму кіраўнік баявога крыла «Светлага шляху», беларус Сварог, вырашае дзейнічаць на апярэджанне. Ён здзяйсняе захоп тэлевізійнага цэнтра, перарываючы эфір трансляцыяй загадзя агучанага артыкула пра роднае слова сапраўднай Цёткі — беларускай літаратаркі Алаізы Пашкевіч. Але гэты тэракт падаўлены, амаль усе баевікі расстраляны ўладным спецназам, адзіны з пазасталых удзельнікаў нападу па мянушцы Дзёгаць уцякае ў бок Кітая.
Джанкі Другая лінія ўяўляе сабой жыццяпіс неназванага «моўнаркота», які стаў спажывальнікам мовы праз выпадковую дзяўчыну ў начным клубе. Менавіта праз яго разважанні чытач найбольш даведваецца пра характар «моўнай» залежнасці, спосабы набыцця і спажывання мовы, а таксама пра яе юрыдычны статус. Гэты герой лічыць сябе інтэлектуалам і грэбліва ставіцца да большасці грамадзян. Працяглы час ён працуе ў рэкламнай агенцыі капірайтэрам і складае творчы тандэм з дасведчаным ужывальнікам мовы Ганіным. Праз пэўны час герой выпытвае ў Ганіна адрэсу наркадылера Сяргея, які стала забяспечвае яго калегу якаснымі ўзорамі мовы. Нажаль, праз пэўны час Сяргей адмаўляецца прадаваць герою чарговыя дозы і ўвогуле сцвярджае, што настала перарваў гандаль.
У той самы дзень героя арыштоўваюць прадстаўнікі Дзяржнаркакантролю. У ізалятары герой знаёміцца са следчым, які прадстаўляецца Язэпам Лёсікам і паведамляе пра «дальнабачнае» рашэнне ўладаў у хуткім часе амніставаць усіх спажывальнікаў мовы і пакінуць пакаранне толькі для яе распаўсюднікаў. Між іншым, следчы закранае тэму празмерных даходаў дылера Сяргея, які быццам на грошы залежных ад мовы людзей пабудаваў сабе новую кватэру (насамрэч, пасля выбуху ў кватэры грошы на ейную рэнавацыю выдаткавалі з дзяржаўнага бюджэту).
Героя адпускаюць з ізалятару, і ён адразу ідзе да Сяргея, дзе ў прыпадку гнева забівае яго і забірае з сабой кнігу з санетамі Шэкспіра. Гэтую кнігу як наркотык ён мае спажываць самастойна да шчаслівай старасці.
Тым часам, рашэнне дзяржаўных службаў легалізаваць ужыванне мовы мае свае наступствы. На кожным рагу людных вуліц з’яўляюцца агенты, якія прадаюць скруткі з мовай, што адпачатку ўтрымліваюць дзіўныя памылкі ў выглядзе апісак ці наўмысна скажоных фрагментаў. Кошты на гэтыя скруткі ніжэйшыя, чым у трыяд, таму прыбыткі апошніх значна скарачаюцца. У жаданні высветліць абставіны справы і падзяліць зоны ўплыву з новымі ігракамі на рынку, трыяды дамаўляюцца з імі на бяззбройныя перамовы. Але падчас сустрэчы апошнія баявыя атрады «Светлага шляху» крывадушна расстраляныя.
Гандляваць якаснай мовай больш не стае каму. Спажыванне мовы з памылковым кодам расце, яе разуменне становіцца ўсё больш цяжкім для саміх носьбітаў, і людзі перастаюць карыстацца мовай. Мова памірае.
Геаграфія падзей Пачатак рамана адбываецца ў Варшаве, дзе «барыга» Сяргей набывае скурткі з моваю, каб пераправіць іх у Мінск. У Варшаве пануе культ спажывання, шопінг ператвораны ў рэлігію, адлюстраваннем якой з’яўляюцца храмы-буцікі, што месцяцца ў колішнім Палацы культуры і навукі. Усё гэта, на думку героя, ёсць рысамі «збяднелай мультыкультурнай Еўропы», якая выразна супрацьстаўляецца «заможнаму, годнаму, монаэтнічнаму рускаму Кітаю» (с. 20).
Мінск, дзе разгортваюцца асноўныя падзеі рамана, — ёсць горадам на паўночным захадзе Саюзнай дзяржавы, да якога культурныя ўплывы дабіраюцца праз 20-30 гадоў пасля таго, як сталі моднымі ў метраполіі (с. 14). Адпаведна, на ўсім архітэктурным абліччы гораду ляжыць прыкмета адсталасці і правінцыйнасці.
Раёны, вуліцы і будынкі, якія апісваюцца ў рамане Мінскі чыгуначны вакзал (с. 28); Няміга (Шанхай ці Чайна-таўн, с. 39, 83-85); плошча Перамогі (Плошча Мёртвых, с. 41); Зялёны Луг (с. 43-44, 182) Баравая (с. 70); плошча Незалежнасці (плошча Залежнасці, с. 128); вуліца Інтэрнацыянальная і вуліца Камсамольская (с. 139—142); Траецкае прадмесце (с. 147).
Мова твору Арыгінал рамана пісаўся на беларускай мове. Аднак першае выданне, згодна аўтарскай задуме, выйшла таксама і на рускай мове, каб злучыць айчынную чытацкую аўдыторыю: Гэтым разам я вырашыў, што трэба злучаць аўдыторыю. Беларус, які гэты тэкст прачытае па-руску, абавязкова і гарантавана будзе шукаць яго беларускі варыянт. У гэтым сэнс гэтай эстэтычнай правакацыі, таму што квінтэсэнцыяй гэтага рамана з’яўляецца сама мова.
Пераклад на рускую мову ажыццявіла Лідзія Міхеева. Некаторыя элементы ў ім пераствораны для разумення замежнага рускамоўнага чытача (напрыклад, плошча Залежнасці ператварылася ў Плошчу ЕўрАзЭС). Пераклад быў выдадзены адразу ў дзвюх версіях: папяровай і электроннай. Выданне электроннай версіі беларускамоўнага арыгінала Марціновічам першапачаткова не прадугледжвалася.
Зважаючы на тое, што беларуская мова ў рамане выступае як «альтэрнатыўны сусвет», некаторыя чытачы адзначылі, што рускамоўны пераклад выглядае арганічнейшым за арыгінал і болей адпавядае канцэпцыі твору, паколькі ў ім выразней акрэсліваецца пранікненне чужароднай мовы ў расійскі тэкстГл., напрыклад, Што ў цябе ёсць, акрамя мовы, з якой складаюцца твае думкі і словы? Беларусь 2.0 — Делаем вместе .
Публікацыі рамана ў Беларусі